Агульная аўдыенцыя: Папа распачаў серыю катэхез аб распазнаванні
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
31 жніўня 2022 года Францішак распачаў новую серыю катэхез, прысвечаных распазнаванню, што звязана з прыняццем рашэнняў. Сюды ўключаны інтэлект, досвед і воля. З гэтым звязана таксама пачуццё радасці, а ў выпадку рэлігійных рашэнняў – гэта радасць чалавека, які знайшоў Бога.
Святы Айцец падкрэсліў, што на апошнім судзе адбудзецца распазнаванне адносна нас, якое здзейніць Бог. “Вялікія выбары могуць паўстаць з абставін, якія на першы погляд здаюцца другараднымі, але аказваюцца вырашальнымі”, - звярнуў увагу ён. Папа адзначыў, што працэс, аб якім ідзе гаворка, цяжкі, і Бог, Які стварыў нас свабоднымі і хоча, каб мы карысталіся сваёй свабодай, запрашае нас ацэньваць і выбіраць: таму распазнаванне настолькі захапляльная.
Пантыфік нагадаў пра вялікую адказнасць чалавека ў выбары сапраўднага дабра. Ён спаслаўся на біблейскае апісанне, “дзе Бог дае чалавеку дакладную інструкцыю: калі хочаш жыць, калі хочаш радавацца жыццю, памятай, што ты – стварэнне, што ты не крытэрый дабра і зла, і выбар, які робіш, будзе мець наступствы для цябе, для іншых і для свету (Быц 2, 16-17); можаш зрабіць зямлю цудоўным садам, а можаш ператварыць яе ў пустыню смерці. Гэта фундаментальнае настаўленне: невыпадкова гаворка ідзе пра першы дыялог паміж Богам і чалавекам”, - заўважыў Францішак.
“Бог – гэта Айцец, і Ён не пакідае нас, заўсёды гатовы параіць, падбадзёрыць, прыняць. Аднак Ён ніколі не навязвае сваёй волі. Чаму? Бо хоча, каб Яго любілі, а не баяліся. А любоўю можна жыць толькі ў свабодзе. Каб навучыцца жыць, трэба навучыцца любіць, а для гэтага патрэбна распазнаванне”, - сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец. Ён заахвоціў сабраных у Зале Паўла VI звяртацца за дапамогай да Духа Святога, асабліва калі трэба зрабіць жыццёвы выбар.