Францішак падвёў вынікі свайго Апостальскага візіту ў Канаду
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак падкрэсліў унікальны характар пілігрымкі, галоўным матывам якой была сустрэча з карэннымі народамі. Ён хацеў выказаць сваю блізкасць і шкадаванне, а таксама папрасіць прабачэння за шкоду, нанесеную ім тымі хрысціянамі, якія ў мінулым супрацоўнічалі ў палітыцы гвалтоўнай асіміляцыі і эмансіпацыі, што праводзілася тагачаснымі ўладамі.
Папа звярнуў увагу на тое, што, з аднаго боку, прадстаўнікі Касцёла былі аднымі з самых рашучых і адважных абаронцаў годнасці карэнных народаў, але з іншага, на жаль, былі і тыя, хто ўдзельнічаў у праграмах, якія, як мы разумеем сёння, супярэчаць Евангеллю. “Такім чынам, гэта была пакаянная пілігрымка”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што на працягу трох этапаў згадвалася гісторыя першых народаў, другім этапам было прымірэнне ў Хрысце, трэцім – аздараўленне. Ён падкрэсліў, што гэтае падарожжа нясе надзею для Касцёла, як у Канадзе, так і ва ўсім свеце.
Францішак дадаў, што праграмай яго візіту была прадугледжана сустрэча з мясцовым Касцёлам і ўладамі краіны. Ён пацвердзіў жаданне Касцёла спрыяць развіццю культуры карэнных народаў і адзначыў, што каланізацыйнае мысленне “прысутнічае сёння ў розных формах ідэалагічнай каланізацыі, пагражаючы традыцыям, гісторыі і рэлігійным сувязям народаў, сціраючы адрозненні, засяроджваючыся толькі на сучаснасці і часта занядбоўваючы абавязкі ў адносінах да самых слабых і найбольш уразлівых”.
Пантыфік лічыць, што патрэбна “аднаўленне здаровага балансу, гармоніі паміж сучаснасцю і культурай продкаў, паміж секулярызацыяй і духоўнымі каштоўнасцямі”.
Святы Айцец падкрэсліў, што апошняя сустрэча падарожжа з маладымі і пажылымі эскімосамі таксама была адзначана надзеяй. “Няхай адвага і мірныя дзеянні карэнных народаў Канады стануць для ўсіх карэнных народаў прыкладам умення не замыкацца ў сабе і прапанаваць свой незаменны ўклад у больш братэрскае чалавецтва, якое будзе любіць стварэнне і Стварыцеля”, - заклікаў Францішак.