Дэманстранты ля санктуарыя святога Антонія ў Каломба Дэманстранты ля санктуарыя святога Антонія ў Каломба  

Францішак працягвае дапамагаць жыхарам Шры-Ланкі

Пантыфік працягвае дапамагаць ахвярам тэрарыстычнага нападу на касцёлы ў Каломба, у Шры-Ланцы. Сем’і атрымалі фінансавую падтрымку ад Святога Айца ў памеры 100 тысяч еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Папа і мясцовы Касцёл – наша адзіная надзея, таму што ўрад падвёў нас”, - сказала адна з тых, хто атрымаў дапамогу, маці, якая страціла сваё дзіця ў выніку нападу. Сваякі ахвяр і тыя, хто выжыў пасля трагедыі, дзякавалі Святому Айцу за яго падтрымку і выступленне за справядлівасць і прымірэнне.

У дапамозе пацярпелым удзельнічае таксама мясцовы Caritas. Cем'і пацярпелых атрымліваюць грошы на лячэнне, штодзённае ўтрыманне і навучанне дзяцей.

Нагадаем, нацыянальны санктуарый святога Антонія, касцёл святога Себасцьяна ў Негомба і пратэстанцкая супольнасць ў Батыкалоа былі абстраляныя тэрарыстамі ў велікодную нядзелю, 21 красавіка 2019 года. Загінулі 267 чалавек, больш за 500 атрымалі раненні.

Шры-Ланка знаходзіцца ў сацыяльным, палітычным і эканамічным крызісе. Апошнія пратэсты прывялі выключна да “касметычных” змен ва ўладзе. У ліпені паліцыя жорстка разагнала моладзь, якая ўдзельнічала ў дэманстрацыі. У вобраз разбуранай краіны ўпісваецца і маруднасць уладаў у расследаванні злачынстваў трохгадовай даўніны і пакараннем вінаватых.

Адсутнасць адпаведных дзеянняў неаднаразова крытыкавалася рэлігійнымі лідарамі. Кардынал Малькальм Ранджыт, які раней абвінаваціў кіраўнікоў у змове і супрацоўніцтве з тэрарыстамі, у чарговы раз заявіў, што не адмовіцца ад барацьбы за справядлівасць.

“Ахвяры гэтага нападу не дачакаліся правасуддзя. Нават калі нядаўнія пратэсты заціхлі, мы працягнем да гэтага імкнуцца. Неабходна забяспечыць расследаванне, выявіць злачынцаў і вызначыць, хто дапусціў гэта, хто своечасова не ўмяшаўся, хоць ведаў пра планы нападаў на храмы. Спецыяльная камісія заявіла, што ёсць падазрэнні ў супрацоўніцтве палітыкаў з нападнікамі. Адказаць на гэтыя абвінавачанні павінен прэзідэнт. Я заклікаю яго быць сумленным”, - заявіў арцыбіскуп Каломба.
 

17 жніўня 2022, 08:57