Пантыфік: саюз старых і дзяцей выратуе чалавечую сям’ю

17 жніўня 2022 года, падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец казаў пра старасць як перыяд, які рыхтуе да пераходу з гэтага свету да вечнасці з Богам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на ўрывак з Кнігі Даніэля, дзе гаворка ідзе пра таямнічую візію Бога, якая была выкарыстана ў пачатку кнігі Апакаліпсіса і прыменена да Уваскрослага Езуса: “Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: “Не бойся! Я – Першы і Апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані” (Ап 1, 17-18).

Францішак таксама нагадаў сцэну аб’яўлення Езуса ў святыні і постаць старога Сімяона, які ўзяў Збаўцу на рукі. Ён заўважыў, што жэст Сімяона з’яўляецца незвычайна прыгожым вобразам адмысловага паклікання сталага ўзросту: “прадстаўляць дзяцей, якія прыходзяць у свет як бесперапынны дар ад Бога, ведаючы, што адзін з іх – гэта Сын, народжаны ва ўнутраным жыцці самога Бога, перад усімі вякамі”, - звярнуў вагу Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што старасць павінна весці дзяцей да пазнання таямніцы прызначэння да жыцця, якое ніхто не можа знішчыць. “Старасць павінна сведчыць – для мяне гэта стрыжань, самае галоўнае ў старасці – старасць павінна сведчыць дзецям аб іх благаслаўленні: яно заключаецца ў іх пасвячэнні – прыгожым і складаным – у таямніцу прызначэння жыцця, якое ніхто не можа знішчыць. Нават смерць. Сведчыць веру перад дзіцём – значыць сеяць гэтае жыццё; таксама сведчанне чалавечнасці і веры з’яўляецца пакліканнем пажылых людзей. (...) Мы, пажылое пакаленне, пакліканы перадаць эстафетную палачку, каб яны яе неслі наперад”, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што сведчанне пажылых – гэта надзейная апора для дзяцей. У ім спалучаюцца перыяды жыцця і меры часу: мінулае, сучаснае і будучае.

“Гэта балюча – і шкодна – успрымаць перыяды жыцця як асобныя, канкуруючыя паміж сабой светы, кожны з якіх спрабуе жыць за кошт іншага. Чалавецтва старажытнае, вельмі старажытнае, калі глядзець на гадзіннік. Але Сын Божы, народжаны жанчынай, ёсць Першы і Апошні ва ўсе часы. Гэта азначае, што ніхто не знаходзіцца па-за межамі Яго вечнага нараджэння, па-за межамі Яго цудоўнай сілы, па-за межамі Яго любячай блізкасці”, - нагадаў Пантыфік.

“Ці можам мы, калі ласка, вярнуць дзецям, якія павінны навучыцца нараджацца, далікатнае сведчанне старэйшых, якія валодаюць мудрасцю смерці? Ці зможа гэта чалавецтва, якое пры ўсім сваім прагрэсе здаецца падлеткам, які нарадзіўся ўчора, вярнуць ласку старасці, якая ўстойліва трымае гарызонт нашага прызначэння?”, - задаўся пытаннямі Папа.

Францішак выказаў перакананне, што саюз старых і дзяцей выратуе чалавечую сям’ю, указваючы на перспектыву нашага лёсу. “Смерць, безумоўна, з'яўляецца цяжкай часткай жыцця: але таксама і пераходам, які замыкае час нявызначанасці і выкідвае гадзіннік. Таму што прыгажосць жыцця, якое ўжо не мае тэрміну прыдатнасці, пачынаецца менавіта тады”, - заўважыў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.
 

17 жніўня 2022, 10:20

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >