Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: быць місіянерам – значыць дзяліцца Божымі дарамі

Францішак скіраваў кароткае відэапасланне да аргентынскіх католікаў, якія прынялі ўдзел у місіі салідарнасці сярод карэнных народаў, што пражываюць у горнай мясцовасці ля мяжы з Балівіяй і Парагваем.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў вернікам, што быць місіянерам – “значыць выходзіць па-за сябе, каб праявіць свае найлепшыя якасці і падарыць іншым лепшае з таго, што атрымалі ў дар ад Бога”. Ён прывітаў удзельнікаў ініцыятывы, выказваючы ім падзяку за працу і заклікаючы працягваць місіянерскую дзейнасць.

Евангелізацыйная місія салідарнасці сярод карэнных народаў на поўначы Аргентыны рэгулярна рэалізуецца з 2019 года. Яе арганізатарам з'яўляецца ксёндз Марыяна Кардэйра з дыяцэзіі Рыа-Куарта. Папа запэўніў святара ў сваім благаслаўленні і малітве.

У рамках ініцыятывы на працягу бліжэйшага тыдня яе ўдзельнікі наведаюць насельніцтва самых бедных рэгіёнаў Аргентыны, спакутаванае ад недаядання, недахопу пітной вады і медыцынскай дапамогі. Місіянеры пераадоляць каля пяці тысяч кіламетраў, хрысцячы, цэлебруючы святую Імшу, несучы Божае слова, дзелячыся жыццём і верай, прысвячаючы час сем’ям і дзецям. Акцыя праходзіць пад дэвізам: “Мары будуюцца разам”.

“Мы маглі дакрануцца да цела Езуса ў гэтых людзях. Пасярод крайняй беднасці, якая раніць нас і робіць бяссільнымі, Езус глядзеў і ўсміхаўся нам у абліччы кожнага брата”, - падзяліўся досведам ксёндз Кардэйра.
 

10 жніўня 2022, 12:57