Пантыфік гатовы паехаць у Паўночную Карэю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак заявіў аб гэтым у інтэрв'ю паўднёвакарэйскаму грамадскаму вяшчальніку KBS, якое было запісана 24 жніўня 2022 года ў Ватыкане.
Раней Францішак неаднаразова выказваў намер наведаць Паўночную Карэю, але ўпершыню звярнуўся непасрэдна да ўладаў гэтай краіны з просьбай накіраваць запрашэнне. Значную частку інтэрв’ю, якое доўжылася каля 30 хвілін, Святы Айцец гаварыў пра вайну і мір. Ён паўтарыў сваю занепакоенасць нарастаннем вытворчасці зброі. На думку Пантыфіка, грошы, выдаткаваныя на працягу года на гэтыя мэты, маглі б вырашыць праблему голаду ў свеце.
Папа заклікаў паўднёвакарэйцаў працаваць на карысць міру, бо яны добра ведаюць, што такое вайна, зведаўшы боль узброенага канфлікту. Ён прызнаўся, што моліцца за карэйцаў як з Поўдня, так і з Поўначы.
Эксклюзіўнае інтэрв’ю адбылося перад кансісторыем, падчас якога прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, арцыбіскуп Ю Хын Сік стаў чацвёртым у гісторыі карэйскім кардыналам.
Раней паўднёвакарэйскае Міністэрства аб'яднання заклікала Паўночную Карэю станоўча адрэагаваць на пацвярджэнне Пантыфікам волі прыехаць у Пхеньян, якую той выказаў падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ынам 29 кастрычніка 2021 года ў Ватыкане. Пасля пацвярджэння Папам волі наведаць Паўночную Карэю, мы хацелі б, каб Поўнач адказала і адкрыла шлях да трывалага міру на Карэйскім паўвостраве, - заявіла ў той час прэс-сакратар Міністэрства Лі Чэн Джу.
Яшчэ ў кастрычніку 2018 года Мун Чжэ Ын перадаў Пантыфіку вуснае запрашэнне паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. Тады Францішак адказаў, што ахвотна паедзе ў Паўночную Карэю, калі атрымае афіцыйнае запрашэнне.
У ліпені 2021 года старшыня Нацыянальнай асамблеі Паўднёвай Карэі Пак Пён Сог наведаў Ватыкан і сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П'етра Паралінам, які заявіў аб намаганнях Святога Пасаду па падтрыманні канала дыялогу з Паўночнай Карэяй і чаканні запрашэння з Пхеньяна.
Па словах Пён Сога, калі Папа паспрыяе інтэграцыі Паўночнай Карэі ў міжнародную супольнасць, гэта стане вялікай дапамогай ва ўсталяванні міру на Карэйскім паўвостраве, падзеленым ужо больш за 70 гадоў.