Пошук

Імша падчас Mladifest у Меджугор'і Імша падчас Mladifest у Меджугор'і 

Пантыфік напісаў да ўдзельнікаў Фестывалю моладзі ў Меджугор’і

Святы Айцец заахвоціў моладзь па прыкладзе Марыі давяраць Хрысту і ісці за Ім, асабліва да бедных і выключаных. Ён напісаў пра гэта ў пасланні да ўдзельнікаў 33-га Фестывалю моладзі ў Меджугор’і.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэмай сустрэчы, якая праходзіць 1-6 жніўня 2022 года, сталі словы: “Вучыцеся ад мяне і знойдзеце спакой”.

Францішак адзначыў, што Езус скіроўвае сваё пасланне не толькі да апосталаў ці некаторых з сваіх сяброў, але да ўсіх стомленых і абцяжараных. Ён падкрэсліў, што Хрыстус разумее, наколькі цяжкім можа быць жыццё, ведае, што хвалюе нашы сэрцы, ведае нашы цяжары, расчараванні і раны з мінулага. Яго запрашэнне патрабуе даверу і жадання ісці наперад, прымаць жыццёвыя выклікі. Папа звярнуў увагу на тое, што мы часта замыкаемся ў сабе ў цяжкія часы – менавіта ад гэтай адзіноты Хрыстус хоча нас вызваліць.

Аднак, як адзначыў Святы Айцец, недастаткова рухацца наперад, трэба ведаць, у якім кірунку ісці. Вакол нас шмат падманлівых прапаноў, якія абяцаюць лепшую будучыню, але заўсёды пакідаюць чалавека спустошаным. Таму Збаўца паказвае нам, куды ісці, кажучы: “Прыйдзіце да Мяне!”.

Пантыфік падкрэсліў, што наследаванне Хрыста звязана таксама з выхадам да людзей. Сапраўдным лекам чалавечых ран з’яўляецца жыццё, заснаванае на братэрскай любові, якая знаходзіць сваю крыніцу ў Божай любові.

Францішак запэўніў, што Хрыстус ніколі не ўскладае на нас непасільны цяжар. Ён звяртаецца да пакорных, малых і бедных, бо сам стаў такім. Гэта заахвочвае нас наследаваць Езуса ў Яго стаўленні да служэння.

“Умілаваныя, не бойцеся, ідзіце да Яго з усім, што носіце ў сваім сэрцы. Ён адзіны Пан, Які прапануе сапраўднае ўмацаванне і сапраўдны спакой. Бярыце прыклад з Марыі, Яго і нашай Маці, якая прывядзе вас да Яго. Даверцеся Ёй, Зорцы Мора, знаку надзеі ў бурлівым моры, што вядзе да гавані спакою”, - звярнуўся Папа.

“Дарагая моладзь, калі вы адпачываеце ў гэтыя дні ў Езусе Хрысце, я даручаю ўсіх вас Найсвяцейшай Панне Марыі, нашай Нябеснай Маці, каб праз Яе заступніцтва і прыклад вы ўзялі на сябе салодкі і лёгкі цяжар наследавання Хрыста. Няхай позірк Бога Айца, Які любіць вас, суправаджае вас, каб, сустракаючыся з іншымі, вы былі сведкамі міру, які атрымаеце ў адказ у якасці дару. Малюся ў гэтай інтэнцыі і благаслаўляю вас, а разам з тым даручаю сябе вашым малітвам”, - напісаў Францішак да ўдзельнікаў Mladifest у Меджугор’і.
 

03 жніўня 2022, 09:08