Пошук

Кардынал Юзаф Томка Кардынал Юзаф Томка 

Пантыфік пра ахвярнасць і дух малітвы памерлага кардынала Томка

Папа нагадаў пра вялікую веру і глыбокую духоўнасць 98-гадовага кардынала Юзафа Томка, які памёр 8 жніўня 2022 года раніцай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект-эмерыт Кангрэгацыі евангелізацыі народаў быў блізкім супрацоўнікам святога Яна Паўла ІІ. Некалькі тыдняў таму падчас лячэння траўмы пазваночніка ён перанёс інфекцыю COVID-19. Паводле апошняга жадання, славацкі іерарх будзе пахаваны ў Кошыцах, у катэдры святой Альжбеты.

“Атрымаўшы навіну аб смерці кардынала Юзафа Томка, выдатнага сына гэтай зямлі, хачу выказаць сваю блізкасць і спачуванні яго сям'і, Вам, прэзбітэрыю і ўсім вернікам у смутку, які ахапіў усю касцёльную супольнасці і славацкі народ”, - напісаў Францішак у тэлеграме на імя арцыбіскупа Кошыцкага Бернарда Бобера.

Узгадваючы “паважанага і мудрага брата, які, падмацаваны глыбокай верай і прадбачлівасцю, з пакорай і адданасцю служыў Евангеллю і Касцёлу”, Папа з удзячнасцю адзначыў “доўгую і плённую працу” кардынала Томка для Апостальскай Сталіцы “як руплівага і разважлівага супрацоўніка” Пантыфікаў. Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на “малітоўны дух” памерлага, які кожны вечар маліўся на ружанцы на плошчы святога Пятра, “даючы пілігрымам і турыстам прыгожае і публічнае сведчанне любові да Найсвяцейшай Панны”.

Святы Айцец моліць Бога прыняць “свайго вернага слугу ў нябесным Ерузалеме” і кіруе сваё благаслаўленне ўсім, хто аплаквае яго смерць.

Сваю працу для Апостальскай Сталіцы тады яшчэ святар Юзаф Томка распачаў у 1974 годзе – Павел VI прызначыў яго намеснікам сакратара Кангрэгацыі па справах біскупаў. У чэрвені 1979 года ўжо Ян Павел ІІ прапанаваў яму пасаду Генеральнага сакратара Сінода Біскупаў. У тым жа годзе Святы Айцец прызначыў яго арцыбіскупам, а 15 верасня асабіста ўдзяліў сакру. У якасці генсека Сінода Томка ўдзельнічаў ва ўсіх сінадальных асамблеях і часта суправаджаў Папу ў яго замежных паездках. У 1985 года Ян Павел ІІ даверыў славацкаму іерарху кіраўніцтва Кангрэгацыяй евангелізацыі народаў і далучыў да Калегіі кардыналаў.

Пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту, калі кожны каталіцкі біскуп просіць Папу аб адстаўцы, ён яшчэ два гады заставаўся прэфектам Кангрэгацыі. 9 красавіка 2001 года Святы Айцец вызваліў яго ад пасады і праз некалькі месяцаў прызначыў старшынёй Папскага камітэта міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў.

Кардынал Томка прыязджаў у Беларусь у якасці папскага легата на святкаванні 300-годдзя мінскай архікатэдры ў кастрычніку 2010 года.

Пасля смерці іерарха і перад кансісторыем 27 жніўня 2022 года Калегія кардыналаў налічвае 206 членаў, у тым ліку 116 выбаршчыкаў, якія маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.
 

09 жніўня 2022, 10:15