Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік: трэба абнаўляць Касцёл у менш клерыкальным кірунку

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў 72-га Нацыянальнага літургічнага тыдня, які адкрыўся ў італьянскім Салерна. Ён спадзяецца на больш выразнае ўсведамленне свецкімі вернікамі іх паклікання ў Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пасланні, падпісаным Дзяржсакратаром Яго Святасці, кардыналам П’етра Паралінам вітаецца абранне тэмы форуму: Паслугі на службе Касцёла сінадальнага. Іерарх цытуе Папу, які заахвочвае католікаў ісці па маршруце Сінода, становячыся “спецыялістамі ў мастацтве сустрэчы”, дапамагаючы рэалізацыі “разнастайнасці харызматаў, паклікання і служэння”, садзейнічаючы “тэалагічна-літургічна-душпастырскаму” вывучэнню касцёльных паслуг. Менавіта ў гэтым кантэксце Пантыфік запрашае супрацоўнічаць біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і шматлікіх свецкіх вернікаў у рамках Нацыянальнага літургічнага тыдня.

Кардынал Паралін нагадаў аб дакуменце Паўла VI Ministeria quaedam, які 50 гадоў таму дазволіў прымаць паслугі лектара і акаліта не толькі кандыдатам да сакрамэнту пасвячэння. Паводле сённяшняга Пантыфіка, прысутнасць свецкіх лектараў і акалітаў дае надзею на абнаўленне Касцёла ў больш “супольным” і менш клерыкальным кірунку. Менавіта таму сваімі дакументамі Spiritus Domini і Antiquum Ministerium Францішак адмяніў абмежаванне, якое не дазваляла жанчынам мець доступ да згаданых вышэй двух касцёльных паслуг і ўстанавіў новую для Касцёла паслугу – катэхета. Іерарх нагадаў думку Папы аб тым, што кожная паслуга павінна натхняцца духам служэння, які прапануе Езус.

Касцёл, які разумеецца як “таямніца камуніі”, робіць большы акцэнт на ролі свецкіх вернікаў, таму гаворка ідзе пра тое, каб “спрыяць усведамленню свецкімі вернікамі больш выразнага ўсведамлення свайго паклікання, якое выражаецца ў множнасці задач”.

У пасланні гучыць і папярэджанне: разглядаючы такога роду пытанні, неабходна асцярожнасць, каб не блытаць усеагульнага святарства і святарства, заснаванага на сакрамэнце пасвячэння, не ствараць паралельных касцёльных структур.

Кардынал Паралін запэўніў удзельнікаў форума, які завершыцца 25 жніўня 2022 года, у малітве і благаслаўленні Папы, жадаючы паспяховай рэалізацыі гэтай важнай душпастырскай ініцыятывы.
 

23 жніўня 2022, 09:48