Папа да езуітаў Канады пра сінадальнасць, дысцыпліну і літургію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сваіх апостальскіх падарожжаў Папа сустракаецца з сабратамі, што служаць у краінах, якія ён наведвае. 29 ліпеня 2022 года, у апошні дзень свайго візіту ў Канаду, Пантыфік на працягу паўгадзіны размаўляў з пятнаццаццю мясцовымі езуітамі.
Падчас сустрэчы перш за ўсё абмяркоўвалася галоўная мэта візіту Папы ў Канаду – просьба аб прабачэнні за ўдзел католікаў у сістэме прымусовай асіміляцыі карэнных плямёнаў, несумяшчальны з Евангеллем. Размова ішла таксама аб сінадальным працэсе, распачатым у маштабе ўсяго Касцёла, аб рашэннях, прынятых Святым Айцом у галіне дысцыпліны і літургіі.
Францішак прызнаўся, што ідэя падарожжа ў Канаду нарадзілася яшчэ пяць гадоў таму, калі яго ў Ватыкане наведаў канадскі прэм’ер-міністр, які прасіў неяк адрэагаваць на нараканні карэннага насельніцтва адносна школ-інтэрнатаў. Аб гэтым яму паведамілі і біскупы краіны.
Па словах Пантыфіка, самым важным было тое, што епіскапат краіны сур’ёзна паставіўся да гэтага выкліку і прыняў меры. Тут іерархі паказалі прыклад еднасці, а калі біскупы аб'яднаныя, яны могуць успрымаць цяжкасці сур'ёзна. Ён дадаў, што ў дадзеным выпадку вельмі важныя адкрытасць і пакора карэнных жыхароў Канады, гатоўнасць удзельнічаць у супольным пошуку рашэнняў.
Працягваючы размову аб агульнакасцёльным сінадальным працэсе, Святы Айцец прызнаўся, што яго непакоіць, калі людзі ўжываюць прыметнік “сінадальны”, быццам гэта новы рэцэпт вырашэння праблем Касцёла. Калі гаворыцца “Касцёл сінадальны”, то другое слова тут практычна лішняе, паколькі Касцёл або з’яўляецца сінадальным, або перастае быць сабой.
Сам Сінод Біскупаў, як патлумачыў Францішак, – гэта не механізм пошуку палітычнага кансэнсусу і не месца прыняцця парламенцкіх рашэнняў. Сінод з'яўляецца выразам Касцёла, галоўным героем якога з'яўляецца Дух Святы. Калі няма Духа Святога, няма і Сіноду.
Затым размова перайшла да барацьбы Касцёла з праблемай сексуальных злоўжыванняў. У гэтай сферы было прынята шмат новых рашэнняў, даволі кардынальна зменены прававыя нормы, якія дзейнічалі раней. Закон суправаджае жыццё, а жыццё працягваецца, таксама ўдасканальваецца яго маральныя складальнікі, - заўважыў Францішак.
Погляд на дактрыну Касцёла як на маналіт, які трэба абараняць без разбору, з’яўляецца памылкай, - лічыць Папа. Вельмі важна шанаваць традыцыі, але аўтэнтычныя традыцыі. Хтосьці сказаў, што традыцыя – гэта жывая памяць вернікаў, гэта працяг жыцця тых, хто жыў да нас. Між тым традыцыяналізм, звярнуў увагу Пантыфік, – гэта мёртвая памяць. Традыцыя – гэта жыццёвы сок, які выцякае з каранёў і сілкуе плён. За зыходны пункт трэба браць пачатак, а не нейкі асобны гістарычны досвед. Яна не можа стаць вечным узорам, на якім усё павінна спыніцца. “Так рабілася ўчора” не можа стаць “так рабілася заўсёды”. Бо гэта язычніцтва думкі!, - звярнуў увагу Францішак.