Папа да свецкіх касцёльных інстытутаў: змяняйце Касцёл знутры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На пачатку Францішак папрасіў не блытаць свецкасць або секулярнасць з секулярызмам. Менавіта ў пакліканні свецкіх інстытутаў выяўляецца Касцёл, “пагружаны ў свет і ў гісторыю, каб быць яго соллю і святлом, зернем адзінства, надзеі і збаўлення”.
“Харызма, якую вы атрымалі, абавязвае вас, індывідуальна і ў супольнасці, спалучаць сузіранне з такім удзелам, які дазваляе вам падзяляць трывогі і чаканні чалавецтва, спасцігаючы яго праблемы, каб асвятліць іх святлом Евангелля. Вы пакліканы перажыць усю хісткасць часовага і ўсю прыгажосць абсалюту ў звычайным жыцці, на вуліцах, дзе ходзяць людзі, пасярод стомленасці і болю, дзе грэбуюць правамі, дзе вайна падзяляе народы, дзе адмаўляецца годнасць”, - звярнуўся Пантыфік да сваіх гасцей.
Сілу і адвагу для місіі ён заклікаў “знаходзіць у малітве і ў ціхім сузіранні Хрыста”. “Малітоўная сустрэча з Езусам напоўніць ваша сэрца Яго супакоем і любоўю, якія вы можаце дарыць іншым. Старанны пошук Бога, знаёмства са Святым Пісаннем і ўдзел у сакрамэнтах з’яўляюцца залогам плённасці вашай працы”, - падкрэсліў Францішак.
Пакліканне сваіх гасцей ён назваў “памежным”. У касцёльным кантэксце, часта “заблакаваным клерыкалізмам”, пакліканне чальцоў свецкіх інстытутаў “сведчыць пра прыгажосць благаслаўлёнай свецкасці, адкрываючы Касцёл на блізкасць да кожнага чалавека”; у палітыцы, грамадстве, культуры, дзе пануе прыстасаванне да пануючай плыні і ўласнай выгоды, яно нагадвае аб тым, што “лёс кожнага чалавека звязаны з лёсам іншых”.
“Толькі разам мы можам ісці як народ Божы, як шукальнікі сэнсу з усімі мужчынамі і жанчынамі гэтага часу, як захавальнікі радасці міласэрнасці, якая ўцелавілася ў нашым жыцці”, - адзначыў Францішак, звяртаючыся да прадстаўнікоў Сусветнай канферэнцыі свецкіх інстытутаў. Ён пажадаў, каб іх служэнне было закваскай, якая змяняе Касцёл знутры.