ing.jpg

Папа просіць маліцца за адмену смяротнага пакарання ў свеце

Францішак запрашае да малітвы, “каб смяротнае пакаранне, якое пагражае недатыкальнасці і годнасці асобы, было адменена ў заканадаўстве ўсіх краін свету”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сусветная сетка малітвы апублікавала штомесячнае відэапасланне, у якім Святы Айцец асабіста агучвае сваю малітоўную інтэнцыю на верасень 2022 года.

Папа падкрэслівае, што супраціў смяротнаму пакаранню расце ва ўсім свеце, і гэта з’яўляецца “знакам надзеі” для Касцёла. Паводле звестак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, смяротнае пакаранне адмянілі, увялі мараторый на яго прымяненне ў заканадаўстве ці на практыцы або прыпынілі выкананне больш чым на 10 гадоў каля 170 дзяржаў. Аднак па-ранейшаму яно прымяняецца ў 55 краінах на розных кантынентах.

У апошнія дзесяцігоддзі Пантыфікі – ад Яна Паўла II да Бэнэдыкта XVI – рашуча выказваліся супраць прымянення дзяржаўнымі ўладамі смяротнага пакарання. У 2018 годзе Францішак зрабіў чарговы крок, зацвердзіўшы новы параграф Катэхізіса, у якім смяротнае пакаранне выразна асуджаецца і выказваецца імкненне Касцёла да яго поўнай адмены.

У відэароліку гэтага месяца, які з’явіўся ў час, адзначаны навінамі аб смяротных прысудах і пакаранні смерцю ў розных частках свету, Святы Айцец звяртаецца з заклікам не толькі да хрысціян, але і да ўсіх людзей добрай волі.

Ён паўтарае, што “смяротнае пакаранне не прапануе ахвярам справядлівасць, яно спрыяе помсце”, і падкрэслівае, што на маральным узроўні такая мера з’яўляецца неадэкватнай, паколькі “знішчае самы важны дар, які мы атрымалі – жыццё”. “У святле Евангелля”, такім чынам, “смяротнае пакаранне з’яўляецца недапушчальным”, “запаведзь “не забівай” адносіцца як да невінаватых, так і да вінаватых”.

“Грамадства можа эфектыўна падаўляць злачыннасць, не пазбаўляючы злачынцу назаўсёды магчымасці выкупіць віну”, - звяртае ўвагу Францішак.

Ёсць і іншыя прычыны адмовы ад смяротнага пакарання: магчымыя судовыя памылкі і тое, што “да апошняга моманту чалавек можа навяртацца і змяняцца”. “У кожным прысудзе заўсёды павінна быць акно надзеі”, - падкрэслівае Папа.
 

31 жніўня 2022, 15:59