Пошук

Official-Image---TPV-8-2022-EN---For-Small-Businesses---889x500.png

Папа просіць маліцца за прадпрымальнікаў, якіх закрануў крызіс

Францішак запрашае да малітвы за малых і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія моцна пацярпелі ад сацыяльна-эканамічнага крызісу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сусветная сетка малітвы апублікавала штомесячнае відэапасланне, у якім Святы Айцец асабіста агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень 2022 года.

Папа падкрэсліў, што свет сутыкнуўся з сур’ёзным крызісам у выніку пандэмій і войнаў. Ён лічыць, што мы яшчэ не ўсведамляем яе маштабаў. Да тых, хто прыняў на сябе адзін з самых вялікіх удараў, належыць малы і сярэдні бізнес.

“Сярод тых, хто панёс сур'ёзныя страты, – малыя і сярэднія прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлем, рамёствамі, уборкай, транспартам і многім іншым. Гэта тыя, каго няма ў спісе самых багатых і ўплывовых, але – нягледзячы на цяжкасці – яны ствараюць працоўныя месцы, захоўваючы пры гэтым сваю сацыяльную адказнасць. Гэта тыя, хто інвестуе ў агульнае дабро, не хаваючы сваіх грошай у падатковых сховішчах. Усе яны накіроўваюць свой вялікі творчы патэнцыял на змяненне сітуацыі знізу, адкуль заўсёды зыходзіць найлепшая крэатыўнасць. З мужнасцю, стараннасцю і самаахвяраваннем яны інвестуюць у жыццё, ствараючы дабрабыт, магчымасці і працоўныя месцы”, - падзяліўся сваімі думкамі Святы Айцец.

“Молімся аб тым, каб прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якія моцна пацярпелі ад эканамічнага і сацыяльнага крызісу, знайшлі сродкі, неабходныя для працягу сваёй дзейнасці для служэння супольнасцям, у якіх жывуць”, - агучыў сваю інтэнцыю Пантыфік.

Міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, каментуючы чарговае відэа Францішка, заўважыў: “Крызісы, якія стаяць перад намі, з'яўляюцца, па словах Папы, “момантам Ноя” – магчымасцю стварыць нешта іншае. У гэтым сэнсе вельмі важныя малыя і сярэднія прадпрымальнікі, іх творчая сіла і здольнасць прапаноўваць рашэнні знізу. Без іх было б немагчыма прайсці праз крызіс пандэміі COVID-19, і яны па-ранейшаму вельмі патрэбныя: вось чаму так важна маліцца за іх”.
 

03 жніўня 2022, 08:13