Папа Францішак Папа Францішак 

Папа сустрэўся з канадскімі езуітамі

Падчас папскага візіту ў Канаду адбылася традыцыйная сустрэча з мясцовай езуіцкай супольнасцю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Размова Францішка з сабратамі ў Квебеку працягвалася каля гадзіны. У ёй, апрача 16 мясцовых чальцоў Таварыства Езуса, прынялі ўдзел кардынал Майкл Чэрны з Ватыкана і ксёндз Антоніа Спадара, галоўны рэдактар езуіцкага часопіса La Civiltà Cattolica – таксама езуіты.

Як паведаміў Vatican News ксёндз Алан Фогарці, Папа свабодна адказваў на пытанні канадскіх сабратаў. Сустрэча мела прыватны характар, таму ўдзельнікі забавязаліся не раскрываць яе зместу. Аднак ужо стала традыцыяй, што пасля кожнай такой размовы з езуітамі падрабязны аповед аб ёй праз некаторы час змяшчае La Civiltà Cattolica.

Ксёндз Фогарці адзначыў, што для яго сустрэча Францішка з езуітамі стала яшчэ адным сведчаннем шчодрасці Пантыфіка, бо, нягледзячы на інтэнсіўную праграму падарожжа і праблемы са здароўем, ён знайшоў час для сваіх братоў.

“Я б сказаў, што атмасфера была сапраўды фантастычнай. Папа быў дома з братамі езуітамі. Мы сядзелі ў коле, і гэта нагадвала звычайную супольную размову. Ён гаварыў вельмі асабіста і вёў сябе цалкам свабодна. Мы задавалі пытанні, ён на іх адказваў. Папа быў вельмі адкрыты і сумленны”, - пракаментаваў сустрэчу канадскі езуіт.
 

01 жніўня 2022, 08:55