Папа заклікаў наведваць марыйныя санктуарыі і маліцца за мір
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Жадаю радаснай урачыстасці Унебаўзяцця тым, хто знаходзіцца ў адпачынку, і многім, хто не можа дазволіць сабе водпуску, а таксама самотным і хворым. Трэба памятаць пра іх! У гэтыя дні я таксама з удзячнасцю думаю пра тых, хто аказвае неабходныя паслугі грамадству. Дзякуй за вашу працу для нас”, - звярнуўся да сабраных на плошчы святога Пятра Францішак.
Ва ўрачыстасць, прысвечаную Багародзіцы, Пантыфік заахвоціў усіх, хто мае магчымасць наведаць марыйныя санктуарыі, “аддаць даніну павагі нашай нябеснай Маці”. “Многія рымляне і пілігрымы ідуць у базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца перад іконай Salus Populi Romani. Ёсць таксама статуя Каралевы Міру, устаноўленая па ініцыятыве папы Бэнэдыкта XV. Будзем працягваць маліцца праз заступніцтва Маці Божай, каб Бог падарыў свету мір, а асабліва молімся за ўкраінскі народ”, - сказаў Папа, развітваючыся з вернікамі.