Святы Айцец напісаў да моладзі, якая евангелізуе ў інтэрнэце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа пажадаў удзельнікам “адчуць сябе супольнасцю, часткай місійнага жыцця Касцёла, які ніколі не баяўся сустракаць новыя гарызонты і межы, працягваць творча і адважна абвяшчаць Божую міласэрнасць і пяшчоту”.
Міжнародная сустрэча Hechos 29 праходзіла 5 і 6 жніўня 2022 года і сабрала ў мексіканскім горадзе Мантэрэй юнакоў і дзяўчат, актыўных у сферы евангелізацыі ў інтэрнэце. Па словах Святога Айца яна стала для ўдзельнікаў сапраўдным натхненнем, каб заставацца місіянерамі ў лічбавым асяроддзі.
Францішак спаслаўся на тое, што ён сказаў падчас нядаўняга Апостальскага падарожжа ў Канаду аб неабходнасці “знайсці новыя спосабы абвяшчэння сутнасці Евангелля тым, хто яшчэ не сустрэў Хрыста”, рэалізуючы гэта “дзякуючы душпастырскай творчасці людзей там, дзе яны жывуць”, і “знаходзячы магчымасці для слухання, дыялогу і сустрэчы”. Ён заахвоціў маладых людзей не баяцца памыляцца, паўтараючы чарговы раз, што аддае перавагу Касцёлу, параненаму выхадам на экзістэнцыяльныя перыферыі свету, а не хворай і замкнёнай у сабе супольнасці, якая шукае камфорту.
“Пан стукае ў дзверы, каб увайсці ў нас, але як часта Ён павінен стукаць у дзверы знутры, каб мы дазволілі Яму выйсці”, - заўважыў Святы Айцец, заклікаючы да “чалавечнай” місіі ў лічбавым свеце.
Пантыфік лічыць, што і ў асяроддзі інтэрнэту трэба быць “добрымі самаранінамі”, прыносячы палёгку, падтрымку і суцяшэнне, стараючыся, каб “сучасная культура пазнала Бога”, адчуваючы Яго прысутнасць у саміх евангелізатарах.
Папа заклікаў несці надзею і любоў Езуса самым далёкім ад Яго. “Няхай віртуальнасць узмацняе прысутнасць, каб сеткі ўтваралі супольнасць, у культуры якой будзе прысутнічаць Езус”, - пажадаў ён, удзяляючы благаслаўленне ўдзельнікам сустрэчы моладзі, якая евангелізуе ў інтэрнэце.