Францішак даў інтэрв’ю тэлеканалу CNN
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Тэма паездкі знаходзіцца ў падвешаным стане. Я пакуль не ведаю", - сказаў ён, адказваючы на пытанне аб магчымасці візіту ва Украіну і ў Расію. Пантыфік дадаў, што "знаходзіцца ў пастаянным кантакце" з Масквой і Кіевам.
Паводле яго слоў, урач, улічваючы стан яго здароўя, супраць такіх паездак. У прыватнасці, гаворка ідзе пра хворае калена, лячэнне якога запаволілася ў сувязі з нядаўняй паездкай у Канаду. Спецыялісты лічаць, што Пантыфіку не варта здзяйсняць візіты ў іншыя краіны як мінімум да запланаванай на 13-15 верасня 2022 года паездкі ў Казахстан.
Францішак запэўніў, што Папа абавязкова прыедзе на Сусветныя дні моладзі ў Лісабон у 2023 годзе. Адной з тэм форума, паводле яго, павінна быць “прымірэнне” ў цяжкі для Касцёла Партугаліі час, звязаны з гісторыяй злоўжыванняў. Фундаментальным для моладзі з’яўляецца дыялог паміж пакаленнямі: чарговы раз Папа заўважыў, што будучыня пачынаецца з каранёў.
Адказваючы на пытанне аб праблеме сексуальных злоўжыванняў, Францішак выказаў задавальненне, што гэтая практыка была выкрыта ў Касцёле. Ён, аднак, падкрэсліў, што на гэтым не варта спыняцца, бо злоўжыванні ў дачыненні да непаўналетніх адбываюцца і ў іншых асяроддзях, і ў значна большай ступені. Па словах Папы, сёння мы жывём у культуры злоўжыванняў, пра што сведчыць, напрыклад, існаванне порнаіндустрыі.
Францішак падкрэсліў, што гэтую праблему ні ў якім разе нельга звязваць з наяўнасцю цэлібату ў Касцёле, бо злоўжыванні адбываюцца і ў асяроддзях, дзе няма такога патрабавання. Гэта проста пачварнасць людзей, псіхічна хворых або злых, якія выкарыстоўваюць сваё становішча для ўласнага задавальнення. Папа назваў гэтую з’яву “сатанінскай”.
Святы Айцец пракаментаваў кантэкст, у якім з’явіліся яго нядаўнія дакументы Traditiones Custodes і Desiderio desideravi. Ён паўтарыў, што ў літургіі, якая з’яўляецца для Касцёла справай першаснай, павінна прысутнічаць дысцыпліна.
Больш шырокую прысутнасць жанчын у структурах Святога Пасаду Пантыфік назваў “актам справядлівасці”, а не “фемінісцкай модай”. “Усе ахрышчаныя маюць права нешта рабіць для Касцёла. Тут ёсць месца ўсім ахрышчаным. Гэта прыдумаў не я, працэс цягнецца 20-30 гадоў і паціху рэалізуецца”, - адзначыў ён. Па словах Святога Айца, жанчынам уласціва “якасць Бога, якой з’яўляецца пяшчота”.
У інтэрв’ю ўвага была звернута і на цяперашні Сінод Біскупаў. Гэта не парламент, а месца распазнання, у якім дзейнічае Дух Святы, ствараючы гармонію з разнастайнасці, - патлумачыў Папа.
Каментуючы сітуацыю ў экуменічнай і міжрэлігійнай сферах, Францішак яшчэ раз падкрэсліў, што тут пераможнай зброяй з’яўляецца дыялог. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра дыялог як уменне слухаць, а не як гульню ў раўнавагу.
Напрыканцы інтэрв’ю журналістка спытала пра жыццё Папы, як ён праводзіць адпачынак і адкуль чэрпае сілы верыць у дабро. Летнія канікулы Святы Айцец праводзіць у Ватыкане, “чытаючы, слухаючы музыку і молячыся”. Перавага ў музыцы аддаецца Вагнеру і оперы. Дзень пачынаецца рана, у чатыры раніцы, і заканчваецца ў дзесяць вечара. Сіла верыць у дабро паходзіць ад Езуса, Пана гісторыі.
На просьбу аб некалькіх словах да партугальскіх католікаў, якія рыхтуюць Сусветныя дні моладзі, Францішак пажадаў не замыкацца ў сабе, глядзець далей, трымаючыся шырокіх гарызонтаў, заставацца адкрытымі сэрцам.