Пошук

Францішак з удзельнікамі ініцыятывы Адкрытыя бальніцы Францішак з удзельнікамі ініцыятывы Адкрытыя бальніцы 

Францішак: Сірыі патрэбна фізічнае і грамадскае аздараўленне

Касцёл пакліканы быць “палявым шпіталем”, лячыць як духоўныя, так і фізічныя раны, - нагадаў Папа сваю думку, сустракаючыся 3 верасня 2022 года ў Ватыкане з удзельнікамі ініцыятывы Адкрытыя бальніцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзякуючы праекту, які рэалізуецца ў Сірыі, адбылася мадэрнізацыі трох некамерцыйных бальніц у Алепа і Дамаску і чатырох дыспансераў. За пяць гадоў яго рэалізацыі бясплатную медыцынскую дапамогу атрымалі больш за 50 тысяч чалавек.

“Ваша праграма называецца Адкрытыя бальніцы. Яны адкрытыя для бедных хворых людзей, без розніцы іх паходжання, як этнічнага, так і рэлігійнага. Гэта характарызуе Касцёл, які хоча быць домам з адчыненымі дзвярыма і месцам чалавечага братэрства. У нашых установах сацыяльнай дапамогі і дабрачыннасці людзі, асабліва бедныя, павінны адчуваць сябе “як дома”, акунуцца ў атмасферу годнага прыёму”, - звярнуўся Францішак да прадстаўнікоў ватыканскіх дыкастэрый, Фонду AVSI і іншых дабрачынцаў, якія ўдзельнічаюць у праекце.

Пантыфік лічыць, што плён дзейнасці дабрачынцаў дваякі: аздараўленне целаў і выпраўленне сацыяльнай тканіны, што “спрыяе мазаіцы ўзорнага суіснавання паміж рознымі этнічна-рэлігійнымі групамі, характэрнай для Сірыі”.

Святы Айцец папрасіў сваіх гасцей не знеахвочвацца невялікімі магчымасцямі, “кропляй вады ў пустыні”, і маштабнымі праблемамі. “Нават камяністая сірыйская пустыня пасля першых вясновых дажджоў пакрываецца зелянінай. Шмат дробных кропель, шмат травінак!”, - заўважыў ён.

“Працягвайце! Няхай хворыя вылечваюцца, няхай адраджаецца надзея, няхай зноў расквітнее пустыня!”, - звярнуўся Францішак да дабрачынцаў, дзякуючы ім за намаганні на карысць сірыйскага народа.
 

03 верасня 2022, 13:17