Пошук

Населены пункт Сотк, які пацярпеў ад сутычак паміж Азербайджанам і Арменіяй Населены пункт Сотк, які пацярпеў ад сутычак паміж Азербайджанам і Арменіяй 

Францішак заклікаў да міру на Каўказе і малітвы за Украіну

Пасля малітвы Анёл Панскі, Святы Айцец падзякаваў Богу за нядаўняе падарожжа ў Казахстан і заклікаў да мірнага вырашэння канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Дзякую Богу за паездку, якую мне ўдалося здзейсніць у апошнія дні ў Казахстан, з нагоды VII З’езду лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій. Пра гэта падрабязней я хачу расказаць падчас агульнай аўдыенцыі ў наступную сераду”, - звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы святога Пятра, Францішак.

Пантыфік не хаваў свайго непакою ў сувязі з нядаўнімі сутычкамі паміж Азербайджанам і Арменіяй. “Выказваю сваю духоўную блізкасць сем'ям ахвяр і заклікаю абодва бакі прытрымлівацца рэжыму спынення агню з мэтай дасягнення мірнага пагаднення. Не забывайма: мір магчымы тады, калі змаўкае зброя і пачынаецца дыялог! Таксама не спыняемся маліцца за змучаны ўкраінскі народ і за мір у кожнай акрываўленай вайной краіне”, - сказаў Пантыфік.

Ён запэўніў у малітве за жыхароў італьянскага рэгіёна Марке, якія пацярпелі ад раптоўнай паводкі. “Малюся за тых, хто загінуў, і за іх сем’і, за параненых і тых, хто панёс сур’ёзныя страты. Няхай Пан дасць моц гэтай супольнасці!” - завяршыў сваю традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі Папа.
 

18 верасня 2022, 13:20