Францішак: рашэнні ў бізнесе павінны спрыяць цэласнаму развіццю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец з жалем зазначыў, што нягледзячы на глабалізацыю і ўзаемазвязанасць чалавецтва, у свеце застаюцца беднасць, несправядлівасць і розныя формы няроўнасці. У сувязі з гэтым Папа звярнуўся да сваіх гасцей з трыма прапановамі, каб дапамагчы ім зрабіць унёсак у пераадоленне складанай сітуацыі.
У першую чаргу Пантыфік заклікаў супрацоўнікаў кансалтынгавай кампаніі памятаць, што яны могуць пакінуць добры след, дапамагаючы прадпрымальнікам, бізнесменам, кіраўнікам дзяржаўных устаноў зразумець кантэкст, уявіць будучыню і прыняць рашэнні ў перспектыве цэласнага чалавечага развіцця. “Вы павінны добра ўсведамляць, што ў гэтым заключаецца ваша “улада””, - дадаў Папа, заклікаючы кіравацца ў прафесійнай дзейнасці думкамі пра свет, які мы хочам пакінуць нашым дзецям і ўнукам.
Другая парада Францішка датычыла культурнай адказнасці, пад якой разумецца прафесіяналізм, а таксама антрапалагічнае і этычнае бачанне, адпаведнае евангельскай візіі эканомікі і грамадства, або, іншымі словамі, сацыяльнаму вучэнню Касцёла. “Гаворка ідзе пра тое, каб ацэньваць непасрэдныя і пабочныя наступствы рашэнняў, уплыў на дзейнасць, а ў першую чаргу на грамадства, людзей, навакольнае асяроддзе”, - сказаў ён.
Папа заклікаў таксама цаніць адметнасці. “Усе структуры, створаныя чалавекам – ўстановы, прадпрыемствы, банкі, асацыяцыі, рухі – маюць права, пры сумленным і правільным кіраванні, захоўваць і развіваць уласную тоеснасць. Некаторыя кажуць пра “прадпрымальніцкую біяразнастайнасць”, як гарантыю свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці і свабоды кліентаў, спажыўцоў, укладчыкаў і інвестараў; а таксама як неад’емную ўмову стабільнасці, раўнавагі, чалавечага багацця. Як адбываецца ў прыродзе, так можа адбывацца таксама ў эканамічных “экасістэмах”, - зазначыў ён.
Францішак падкрэсліў, што ў актуальным кантэксце, пазначаным крызісам, пандэміяй, вайной ва Украіне і кліматычнымі зменамі, супрацоўнікі буйной кансалтынгавай кампаніі пакліканы ўсведамляць важнасць сваёй ролі, станавіцца “цэласнымі дарадчыкамі”, прапануючы і аргументуючы новыя шляхі, якія будуць весці ў кірунку інтэгральнага развіцця чалавека, усеагульнага прызначэння даброт, перавагі, якая аддаецца бедным, і клопату пра наш супольны дом.