Пошук

Самалёт з Пантыфікам на борце ў рымскім аэрапорце Фьюмічына Самалёт з Пантыфікам на борце ў рымскім аэрапорце Фьюмічына 

Францішак распачаў Апостальскае падарожжа ў Казахстан

Святы Айцец адправіўся ў Казахстан. 13 верасня 2022 года ў 7.36 па сярэднееўрапейскім часе самалёт з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Фьюмічына ў кірунку Нур-Султана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Мэтай 38-га Апостальскага падарожжа Францішка будзе ўдзел у VII З’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій і сустрэча з мясцовай каталіцкай супольнасцю. Палёт будзе працягвацца шэсць з паловай гадзін. За гэты час будзе пераадолена 5262 кіламетры над тэрыторыямі Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі, Турцыі, Грузіі, Азербайджана і Казахстана.

Прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Нур-Султана чакаецца ў 17.45 па мясцовым часе. У аэрапорце Папу будзе сустракаць Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Пасля кароткай размовы яны адправяцца ў Прэзідэнцкі палац, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання і перамовы паміж Святым Айцом і казахстанскім лідарам. Потым Пантыфік накіруецца ў цэнтральную канцэртную залу Казахстан, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

На наступны дзень Францішак прыме ўдзел у адкрыцці VII З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій і правядзе святую Імшу. 15 верасня ён сустрэнецца з мясцовымі каталіцкімі біскупамі, духавенствам, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі работнікамі і звернецца да ўдзельнікаў міжрэлігійнага кангрэса з нагоды яго завяршэння.

За дзень да пачатку падарожжа, 12 верасня, Пантыфік здзейсніў традыцыйны прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даручыў сваю пілігрымку міру і надзеі Багародзіцы.
 

13 верасня 2022, 09:41