Пошук

Аўдыенцыя для членаў асацыяцыі Confindustria Аўдыенцыя для членаў асацыяцыі Confindustria 

Францішак: сучасныя выклікі патрабуюць добрых прадпрымальнікаў

12 верасня 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі членаў Усеагульнай канфедэрацыі італьянскай прамысловасці (Confindustria) – буйной арганізацыі, якая займаецца абаронай прадпрымальнікаў у сферы прамысловасці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прадпрымальнік – найважнейшы кампанент для будавання агульнага дабра, першарадны рухавік развіцця і росквіту, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да амаль 4600 дэлегатаў аб’яднання, сабраных у ватыканскай Зале Паўла VI. Ён нагадаў, што пандэмія і вайна ва Украіне моцна ўдарылі па вытворчасці і паранілі ўсю эканамічную сістэму.

Святы Айцец перакананы, што ў гэтым кантэксце існуе вялікая патрэба ў “добрых прадпрымальніках”: не “наймітах”, а “падобных на добрага пастыра, якія раздзяляюць пакуты са сваімі работнікамі, не ўцякаюць перад мноствам ваўкоў, што кружаць навокал”.

Францішак заўважыў, што “без новых прадпрымальнікаў зямля не вытрымае ўплыву капіталізму, і мы пакінем будучы пакаленням планету, моцна параненую, магчыма непрыдатную да жыцця”.

Папа спаслаўся на евангельскія гісторыі пра здраду Юды і пра шчодрасць Добрага Самараніна, нагадваючы, што грошы могуць служыць як для таго, каб “здрадзіць і прадаць сябра”, так і для таго, каб “выратаваць ахвяру”. “Эканоміка расце і становіцца чалавечнай, калі грошай Самаранаў становіцца больш, чым грошай Юды”, - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што “багацце заклікае да адказнасці”. Калі атрымліваем грошы, на нас “кладзецца адказнасць за тое, каб памножыць іх, не змарнаваць, выкарыстоўваць для агульнага дабра”, - сказаў ён, дадаючы, што “дзяленне – гэта іншае імя евангельскай беднасці”.

Францішак заклікаў таксама сумленна ставіцца да выплаты падаткаў, адзначаючы, што гэта адна з форм “дзялення багаццем, каб яны сталі агульным дабром”, рэсурсамі, якімі будуць карыстацца ўсе ў сферы адукацыі, аховы здароўя, права, навукі, культуры. “Падаткі павінны быць справядлівымі, роўнымі, заснаванымі на плацёжнай здольнасці кожнага”, - дадаў ён.

Святы Айцец назваў другім шляхам “дзялення багаццямі” стварэнне працоўных месцаў. Ён заклікаў падтрымліваць сем’і і нараджальнасць і рашуча асудзіў эксплуатацыю мігрантаў і бежанцаў.

Папа заклікаў не забываць, што прадпрымальнік таксама з’яўляецца працаўніком. “Адзін з самых цяжкіх крызісаў нашага часу – гэта згуба кантакту прадпрымальніка з працай: вырастаючы, становячыся вялікімі, жыццё праводзіцца ў офісах, на пасяджэннях, у падарожжах, на канферэнцыях, і больш не наведваюцца майстэрні і фабрыкі. Забывацца “пах” працы, прадукты вытворчасці больш не распазнаюцца з зачыненымі вачыма, а калі прадпрымальнік не кранае сваіх прадуктаў, губляе кантакт з жыццём свайго прадпрыемства і часта пачынаецца яго эканамічны заняпад”, - папярэдзіў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб не было вялікай разбежкі ў памеры заробку на прадпрыемствах паміж звычайнымі працаўнікамі і топ-менеджэрамі, бо гэта “прыводзіць да захворвання супольнасці прадпрыемства і захворвання самаго грамадства”. “Прадпрымальнік залежыць ад сваіх работнікаў, ад іх крэатыўнасці, ад іх сэрца і душы: залежыць ад іх духоўнага капіталу”, - сказаў Папа, адзначаючы, што “на вялікія выклікі нашых грамадстваў не магчыма адказаць без добрых прадпрымальнікаў”.
 

12 верасня 2022, 12:47