Пошук

Кніга Андрэа Тарніелі "Жыццё Езуса" Кніга Андрэа Тарніелі "Жыццё Езуса" 

Францішак: уявім позірк Езуса на старонках Евангелля

Францішак напісаў прадмову да кнігі галоўнага рэдактара СМІ Святога Пасаду Андрэа Тарніелі “Жыццё Езуса” (Vita di Gesù). Выданне з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў 27 верасня 2022 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа прызнаўся, што яго заўсёды ўражвае такі аспект, як важнасць позіркаў у Евангеллі – дэталь, на якую шматразова звяртаецца ўвага ў кнізе Тарніелі. “На кожнай старонцы Евангелля прысутнічаюць позіркі; гэта спосаб сустрэчы людзей з Езусам”, - падкрэсліў ён.

Францішак прапанаваў уявіць вочы Закхея і сляпога з Ерыхону, якія шукалі Хрыста, позіркі настаўнікаў Закону, які хацелі выпрабоўваць Пана, здзіўленых людзі, якія не разумелі Яго. Важна паразважаць і пра тое, як Езус глядзеў на іх. “Недастаткова толькі чытаць, недастаткова слухаць, будзе цудоўна, калі мы асабіста ўвойдзем у евангельскія эпізоды, уяўляючы позірк Езуса ў розуме і сэрцы”, - напісаў Святы Айцец, прапануючы задумацца таксама пра тое, як Хрыстус глядзеў на фарысеяў, на бедную ўдаву, якая ахвяравала апошнія грошы ў святыні, на людзей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

“Падумаем пра Магдалену, якая прыйшла да магілы і меркавала, што ўваскрослы Езус – гэта садоўнік. А потым Пан аб’явіў сябе: тое самае здараецца з намі, калі бярэм у рукі Евангелле, чытаем урывак і ў пэўны момант Пан адкрываецца нашаму позірку, аб’яўляецца нам і мы перажываем выключны досвед здзіўлення, які дае магчымасць сустрэць Езуса”, - напісаў Папа.

Францішак заклікаў наблізіцца да эпізодаў з жыцця Хрыста з вачыма, поўнымі сузірання. “Гэта праўда, што вера пачынаецца са слухання, але сустрэча пачынаецца з бачання. Таму важна слухаць і бачыць Езуса ў Евангеллі”, - адзначыў ён, дадаючы, што кніга Андрэа Тарніелі можа дапамагчы ўвайсці ў кантакт з Богам, не як з вялікай гістарычнай постаццю, рэлігійным лідарам ці настаўнікам этыкі, а як з Панам жыцця.
 

26 верасня 2022, 09:41