Святы Айцец да студэнтаў: быць людзьмі, якія шукаюць Бога
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік заўважыў, што дэлегацыя прыбыла ў Рым з нагоды 75-годдзя кананізацыі Мікалая з Флюэ, нябеснага апекуна Швейцарыі і студэнцкага аб’яднання. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на аналогію, якая ёсць паміж студэнтамі і пілігрымамі: вучоба – гэта шлях, а на працягу ўсяго жыцця трэба захоўваць “дух вучня”.
Францішак нагадаў, што адукацыя дапамагае чалавеку нарадзіцца нанова. У гэтым сэнсе Езус Хрыстус – найвялікшы настаўнік у гісторыі, бо праз любоў Айца і дзейнасць Святога Духа дапамагае нам нарадзіцца з вышыні, дапамагае новаму чалавеку выйсці са шкарлупіны старога, вызваляе з няволі ўласнага “я” і адкрывае на паўнату жыцця ў адзінстве з Богам, іншымі, стварэннем і самімі сабой.
Папа параіў сваім гасцям заўсёды заставацца людзьмі, якія шукаюць Бога. “Ці з’яўляецеся вы “студэнтамі” Божага слова? Ці прысвячаеце ваш час чытанню Бібліі, Евангелля?”, - спытаў ён, падкрэсліваючы, што важна адчуваць сябе вучнямі Езуса, слухаць Яго, задаваць Яму пытанні, разважаць над Яго словамі і ўчынкамі.