Кніга кардынала Анджэла Баньяскі Кніга кардынала Анджэла Баньяскі 

Пантыфік: пастыры пакліканы несці праўду і быць міласэрнымі

Пастыр заўсёды павінен выходзіць насустрач Богу ў братах, асабліва самых маргіналізаваных, памятаючы, што сваё жыццё ён прынёс у дар Пану, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак напісаў прадмову да кнігі італьянскага кардынала Анджэла Баньяскі. Выданне пад назвай Пастыры побач. Касцёл, грамадства, асоба (Pastori dentro. Chiesa, società, persona) утрымлівае разважанні іерарха пра другую кадэнцыю яго служэння на пасадзе старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі (2012-2017), з асаблівай увагай да такіх тэм, як адукацыя, сям’я, беднасць і палітыка.

Папа заўважыў, што кніга дапамагае ўбачыць складаныя пытанні сучаснасці з пункту гледжання пастыра. “Пастыр – гэта той, хто ў першую чаргу павінен служыць братам у Пану, ведаючы, што яго жыццё не належыць яму самаму, таму што было падаравана Богу, любячаму, шчодраму і міласэрнаму Айцу”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што пастыр пакліканы сведчыць пра праўду, якая вызваляе, і міласэрнасць, якая аздараўляе.

Пастыр павінен абвяшчаць Божае слова і дапамагаць яму ўцелавіцца ў касцёльным і асабістым жыцці. Сёння, на думку Святога Айца, існуе неабходнасць у “пастырах з пахам авечак”, якія будуць знаходзіцца побач са сваім статкам і народам.

На думку Францішка, кардынал Баньяска у сваёй кнізе здолеў паказаць, што Касцёл – гэта жывы арганізм, а не бюракратычная арганізацыя, да ўзроўню якой некаторыя часам хочуць звесці яго. Пастыры пакліканы жыць місіяй Добрага пастыра, маючы асаблівую ўвагу і любоў да самых непрыкметных і маргіналізаваных у грамадстве, выходзячы насустрач кожнаму чалавеку з ласкавасцю і спагадай міласэрнага айца, з моцным і шчырым духам, падкрэсліў Папа.
 

22 верасня 2022, 10:34