Пантыфік: слухаць сэрца, каб убачыць Божыя знакі ў жыцці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны тэме распазнавання. Ён звярнуў увагу вернікаў на важны выпадак з жыцця святога Ігнацыя Лаёлы, які назваў “адным з самых павучальных прыкладаў”. Будучы заснавальнік Таварыства Езуса знаходзіўся дома, залечваючы параненую ў бітве нагу, а каб пазбавіцца нуды вырашыў што-небудзь пачытаць. Яму падабаліся рыцарскія аповесці, але дома былі толькі жыццяпісы святых. Крыху з неахвотай Ігнацый пачаў чытаць іх і паступова стаў адкрываць для сябе іншы свет, які заваёваў яго. Ён захапіўся постацямі святога Францішка і святога Дамініка і адчуваў жаданне наследаваць іх. І хоць рыцарскі свет надалей прывабліваў яго, ён пачаў заўважаць адметнасці, - нагадаў Папа.
У сваёй Аўтабіяграфіі – напісанай ад трэцяй асобы – Ігнацый Лаёла адзначаў: “Думаючы пры рэчы гэтага свету, ён адчуваў вялікую асалоду; але калі з-за знясілення, пакідаў гэтыя думкі, тады адчуваў сябе спустошаным і расчараваным. Калі ж думаў пра тое, каб пайсці ў Ерузалем басанож, не есці нічога, акрамя зёлак, і практыкаваць усе іншыя формы аскетызму, якія, як убачыў, здзяйснялі святыя, тады суцяшаўся, не толькі затрымліваючыся на гэтых думках, але таксама, пакідаючы іх, ён заставаўся задаволеным і поўным радасці”.
“У гэтым вопыце можна адзначыць два важныя аспекты. Першы з іх – гэта час: думкі пра свет спачатку прывабныя, але з часам губляюць бляск, пакідаючы чалавека спустошаным, незадаволеным. Божыя думкі, наадварот, спачатку выклікаюць супраціў, але калі іх прымаюць, яны прыносяць невядомы дагэтуль непрамінальны спакой”, - сказаў Францішак.
Іншым аспектам з’яўляецца тое, куды прыводзяць думкі, бо адбываецца развіццё распазнавання: мы разумеем, што будзе добрым для нас не абстрактным, агульным чынам, але на канкрэтным шляху нашага жыцця. Папа нагадаў словы з “Духоўных практыкаванняў” святога Ігнацыя Лаёлы: “Тым, хто пераходзіць ад аднаго смяротнага граху да іншага, д’ябал звычайна прапануе ўяўныя задавальненні, прымушаючы ўяўляць пачуццёвыя асалоды і раскошу, каб мацней утрымаць і глыбей занурыць іх у заганах і грахах. У гэтых жа асобах добры дух дзейнічае адваротным чынам: абуджаючы ў іх згрызоты сумлення, дапамагаючы адчуць пярэчанне розуму”.
Святы Айцец падкрэсліў, што духоўнае распазнаванне – гэта “не гаданне і не фаталізм, быццам кіданне жэрабя на дзве магчымасці”. “Глыбокія пытанні ўзнікаюць, калі мы ўжо прайшлі пэўны адрэзак жыццёвага шляху, і менавіта да яго мы павінны звярнуцца, каб зразумець, чаго менавіта шукаем. Святы Ігнацый, паранены, будучы ў бацькоўскім доме, зусім не думаў пра Бога ці пра тое, як змяніць сваё жыццё. Ён атрымаў свой першы досвед пазнання Бога, слухаючы ўласнае сэрца, якое паказала яму цікавы паварот: тое, што на першы погляд прываблівала, пакінула яго расчараваным, а іншае, менш бліскучае, адарала спакоем, які не прамінаў”, - нагадаў Пантыфік.
“Вось чаму Ігнацый раіць чытаць жыццяпісы святых: бо яны ў апавядальнай і зразумелай форме паказваюць стыль Бога ў жыцці людзей, якія не вельмі адрозніваюцца ад нас”, - дадаў Папа.
Пантыфік зазначыў, што ў гэтым знакамітым эпізодзе можна ўбачыць яшчэ адзін важны аспект распазнавання. “У жыццёвых падзеях прысутнічае ўяўная выпадковасць”, як у выпадку з Ігнацыем, у якога пад рукой не аказалася любімых кніг, а толькі жыццяпісы святых. “Бог дзейнічае праз незапланаваныя падзеі, а таксама праз перашкоды”, якія могуць стаць “паваротнай кропкай”, - сказаў ён.
“Мы таксама бачылі гэта ва ўрыўку з Евангелля святога Мацвея: чалавек, які араў поле, выпадкова натрапіў на закапаны скарб. Абсалютна нечаканая сітуацыя, але важна тое, што ён прызнаў гэта шчаслівым выпадкам у сваім жыцці і прыняў адпаведнае рашэнне: прадаў усё і купіў гэта поле (пар. 13,44), - сказаў Святы Айцец.
“Духоўная праніклівасць – гэта дапамога ў распазнаванні знакаў, праз якія Пан аб’яўляецца нам у нечаканых, нават непрыемных сітуацыях, якой стала для Ігнацыя параненая нага. З іх можа ўзнікнуць сустрэча, якая зменіць жыццё назаўсёды”, - завяршыў сваю катэхезу Францішак.