Пошук

Сірыя. У кляўтары сясцёр-трапістак. Здымак мае ілюстрацыйны характар Сірыя. У кляўтары сясцёр-трапістак. Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Пантыфік трапістам: усе харызмы ў Касцёле служаць евангелізацыі

Камунія, удзел, місія і фармацыя – на гэтыя тры элементы манаскага жыцця звярнуў увагу Францішак, сустракаючыся 16 верасня 2022 года ў Ватыкане з удзельнікамі генеральнага капітула Ордэна трапістаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа патлумачыў, што камунія палягае не на аднастайнасці і сумяшчальнасці, спантаннай ці прымусовай, “яна заключаецца ў нашых супольных адносінах да Хрыста, а ў Ім – да Айца ў Духу Святым”.

Ён звярнуў увагу на тое, што “Езус не баяўся разнастайнасці, якая існавала сярод Дванаццаці”, і гэта матывуе нас не баяцца яе, “таму што Дух Святы любіць абуджаць адрозненні і рабіць іх гармоніяй”. Па-сапраўднаму, лічыць Пантыфік, трэба баяцца “партыкулярызмаў” і “эксклюзівізмаў”, бо менавіта яны выклікаюць падзелы. “Сама мара Езуса аб камуніі вызваляе нас ад аднастайнасці і падзелаў”, - патлумачыў ён.

“Супольнасць кансэкраванага жыцця можа быць знакам Божага Валадарства, даючы сведчанне братэрства паміж рэальнымі, канкрэтнымі людзьмі, якія, нягледзячы на свае абмежаванні, кожны дзень, давяраючы ласцы Хрыста, выбіраюць сумеснае жыццё. Нават актуальныя прылады камунікацыі могуць і павінны служыць рэальнаму, а не толькі віртуальнаму, удзелу ў канкрэтным жыцці супольнасці”, - адзначыў Папа, звяртаючыся да манахаў.

Ён заўважыў, што Евангелле прапануе канцэпцыю Касцёла місіянерскага, паколькі няма харызмаў місіянерскіх, і не-місіянерскіх. “Усе харызмы, наколькі яны дадзены Касцёлу, прызначаны для евангелізацыі свету; натуральна, па-рознаму, вельмі па-рознаму, у адпаведнасці з Божай “фантазіяй”. Манах, які моліцца ў сваім кляштары, адыгрывае ролю ў прынясенні Евангелля на гэтую зямлю, у навучанні людзей, якія на ёй жывуць, аб тым, што ў нас ёсць Айцец, Які любіць нас, і ў гэтым свеце мы на шляху да нябёсаў”, - заўважыў Францішак.

Ён прапанаваў сваім гасцям адказаць сабе на пытанне: “Як можна быць цыстэрсам строгага захавання і заставацца часткай “касцёла, які выходзіць вонкі?” Папа папрасіў не забывацца аб тым, што “ў любой форме евангелізацыі першынство заўсёды належыць Богу”, і “на працягу ўсяго жыцця Касцёла заўсёды трэба паказваць, што ініцыятыва паходзіць ад Бога”.

Евангелле паказвае нам Езуса, Які клапоціцца пра сваіх вучняў, цярпліва іх выхоўвае, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што нічога не змянілася, і сённяшніх вучняў Хрыста фарміруе Дух Святы.

Францішак пажадаў трапістам заставацца адкрытымі на дзеянне Бога, не падаць духам, адчуваючы сілу Духа Святога, імкнуцца да святасці, якая з’яўляецца Яго плёнам.
 

16 верасня 2022, 13:01