Францішак заклікае да малітвы і блізкасці з народам Украіны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Я хацеў бы таксама звярнуць вашу ўвагу на жахлівую сітуацыю ў спакутаванай Украіне. Кардынал Краеўскі паехаў туды ў чацвёрты раз. Учора ён патэлефанаваў мне. Ён знаходзіцца там, дапамагаючы ў Адэсе і іншых мясцовасцях. Ён распавёў мне пра пакуты гэтага народа, пра зверствы і жахі, пра целы закатаваных людзей, якія знаходзяць. Давайце будзем з’яднанымі з гэтым настолькі высакародным і шматпакутным народам”, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.
Кардынал Конрад Краеўскі, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, адправіўся ва Украіну з чарговай гуманітарнай місіяй. Ён наведаў Вініцу, Летычыў, Кіеў, Адэсу, Запарожжа, Харкаў, а таксама Ізюм, дзе стаў сведкам эксгумацыі цел людзей, пахаваных у перыяд, калі горад знаходзіўся пад кантролем расійскай арміі.