Папа да біскупаў з місійных тэрыторый пра сінадальную мадэль
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ватыканскі трэнінг — гэта “як майстэрня для біскупаў з усяго свету, дзе кожны можа падзяліцца сваім унікальным вопытам”, - заўважыў нігерыйскі іерарх Фрэнсіс Абафемі Адэсіна. Ён дадаў, што сустрэча стала магчымасцю навучыцца супрацоўнічаць з дыкастэрыямі Святога Пасаду і глыбей паглядзець на апошнія папскія дакументы. Галоўнай тэмай стала евангелізацыя.
“Мы задаваліся пытаннем, як можна выкарыстоўваць сінадальную мадэль, як не пакінуць нікога без увагі, асабліва бедных”, - падзяліўся нігерыйскі іерарх. Уздымалася таксама тэма клопату аб прадстаўніках кансэкраванага жыцця. “Больш за ўсё мяне кранула тое, што наша навучанне было сустрэчай супрацоўнікаў у місіі Хрыста”, - прызнаўся біскуп Абафемі.
Святы Айцец звярнуў увагу на чатыры рэчы, якія патрабуюць увагі новых іерархаў. Па-першае, біскуп павінен быць чалавекам малітвы. Менавіта з малітвы выцякае яго місія. Па-другое, трэба клапаціцца пра братоў-біскупаў, мець час для іх і падтрымліваць адно аднаго. Трэцяе, на што ўказаў Папа, гэта неабходнасць быць побач з святарамі – бліжэйшымі супрацоўнікамі біскупаў. Без іх цяжка дасягнуць чагосьці ў душпастырскай сферы, асабліва калі гаворка ідзе пра першую евангелізацыю. Па-чацвёртае, Францішак згадаў пра неабходнасць добрага кантакту з свецкімі вернікамі. У іх ёсць свая роля. Яны маюць сваю харызму ў Касцёле.
“Гэта двухтыднёвая праграма выклікала ў мяне і ў іншых біскупаў новы энтузіязм і новае бачанне”, - паведаміў нігерыйскі іерарх.