Пошук

Пантыфік духавенству Казахстана: цаніць спадчыну і ісці наперад

Католікі павінны быць людзьмі еднасці і міру, - адзначыў Папа, звяртаючыся да біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў і душпастырскіх работнікаў, якія нясуць служэнне ў Казахстане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Захоўваць спадчыну мінулага і ісці ў будучыню, - заклікаў Святы Айцец падчас сустрэчы, якую правёў раніцай 15 верасня 2022 года ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Нур-Султане. Пантыфік падкрэсліў вялікую разнастайнасць каталіцкай супольнасці ў Казахстане і Цэнтральнай Азіі, заклікаючы ўспрымаць адметнасці як багацце і памятаючы, што Божае слова скіравана да ўсіх народаў.

Францішак заклікаў памятаць пра спадчыну мясцовага Касцёла, пазбягаючы яе ідэалагізацыі і спакусы вяртання назад, замкнуўшыся ў мінулым і пазбаўляючы сябе свабоды дзеяння па прычыне закамянеласці. Ён заахвоціў дзякаваць Богу і праслаўляць Яго, быць удзячнымі за тое, што Ён учыніў, а таксама падкрэсліў неабходнасць перадачы веры праз сведчанне жыцця.

З іншага боку, гаворачы пра будучыню, Пантыфік падкрэсліў, што мы пакліканы сёння прыняць абнаўленне жыцця, якое здзяйсняе Уваскрослы. “Нягледзячы на нашы недахопы, Ён няспынна прабывае з намі, будуе будучыню свайго і нашага Касцёла разам з намі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак нагадаў аб евангельскім благаслаўленні малых і зазначыў, што “у малым Касцёле, у малым статку, захоўваецца ласка: замест таго, каб выстаўляць напаказ свае здольнасці, колькасць, структуры і ўсе іншыя формы чалавечай значнасці, лепш дазволіць, каб намі кіраваў Пан і пакорна прысвяціць сябе служэнню людзям”, - сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што “гэта нязначнасць, нагадвае пра нашу не самадастатковасць”, пра тое, што “маем патрэбу ў Богу, а таксама патрэбу ў іншых, ва ўсіх іншых: братах і сёстрах іншых веравызнанняў, тых, хто вызнае веру, адрозную ад нашай, ва ўсіх мужчынах і жанчынах, у якіх жыве добрая воля”.

Святы Айцец падкрэсліў, што абяцанне жыцця і благаслаўлення, спаўняецца “кожны раз, калі жывём у братэрстве паміж сабой, калі клапоцімся пра бедных і параненых жыццём, кожны раз, калі даем сведчанне справядлівасці і праўды ў чалавечых і грамадскіх адносінах, пратэстуючы супраць карупцыі і фальшы”.

Францішак адзначыў, што хрысціянскія супольнасці, а ў прыватнасці семінарыя, павінны быць “школай шчырасці”, а не месцамі, дзе пануе закамянеласць і фармалізм, а таксама заклікаў да актыўнага ўдзелу свецкіх у жыцці Касцёла. Ён зазначыў, што католікі павінны быць людзьмі еднасці і міру, якія сеюць дабро, там, дзе знаходзяцца.

Папа нагадаў пра вялікіх сведкаў веры Казахстана. Ён асаблівым чынам узгадаў пра благаслаўлёнага ксяндза Уладзіслава Букавінскага, “святара, які ўсё жыццё прысвяціў служэнню хворым, патрабуючым і адрынутым, заплаціўшы да вернасцю Евангеллю турэмным зняволеннем і прымусовымі працамі”, пра мучанікаў грэка-каталіцкай Царквы: епіскапа Мікіту Будку, айца Аляксея Зарыцкага, а таксама пра Гертруду Дэтцэль, працэс беатыфікацыі якой ужо пачаўся.

“Я побач з вамі і заклікаю вас: жывіце гэтай спадчынай з радасцю і шчодра сведчыце аб ёй, каб тыя, каго сустрэнеце, убачылі, што абяцанне надзеі скіравана і да іх”, - заклікаў Пантыфік. “Няхай Багародзіца растопіць холад сэрцаў, напоўніць нашы супольнасці абноўленым братэрскім цяплом, спашле нам новую надзею і энтузіязм на карысць Евангелля!”, - завяршыў прамову Святы Айцец.
 

15 верасня 2022, 09:34