Пошук

Падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў Фонду Populorum Progressio Падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў Фонду Populorum Progressio 

Папа: Фонд Populorum Progressio мяняе аблічча, але не місію

Папа выказаў удзячнасць усім, хто працаваў у Фондзе Populorum Progressio на працягу трыццаці гадоў. Ён заўважыў, што структура мяняе аблічча, але захоўвае сваю місію і застаецца папскай дабрачыннай ініцыятывай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

16 верасня 2022 года ў Ватыкане было абнародавана рашэнне Францішка аб структурных пераўтварэннях, звязаных з Фондам Populorum Progressio.

Падчас аўдыенцыі для супрацоўнікаў дабрачыннай структуры, якая прайшла 16 верасня 2022 года ў Ватыкане, Святы Айцец патлумачыў, што змены былі прадыктаваны рэформай Рымскай курыі, якая знайшла выраз у дакуменце Praedicate Evangelium.

“У гэтым кантэксце неабходна садзейнічаць больш глыбокай сувязі з мясцовымі Касцёламі, каб прывесці да большай эфектыўнасці праграмы інтэгральнага развіцця ў самых занядбаных супольнасцях карэннага насельніцтва і афра-нашчадкаў, пагружаных у пакуты і спусташэнне”, - прывёў аргумент Папа.

Святы Айцец вырашыў, што новая структура пад назвай Фонд Populorum Progressio застанецца папскай дабрачыннай ініцыятывай, але “не будзе мець свайго цэнтра ў Рымскай курыі”. Аналіз праектаў і іх рэалізацыю ён даручыў Біскупскай радзе Лацінскай Амерыкі (CELAM). Аднак адказнасць за кіраванне Фондам захавае Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

“Бедныя не могуць разглядацца як проста рэцыпіенты дабрачыннай дзейнасці. Яны павінны стаць актыўнымі ўдзельнікамі распазнавання найбольш надзённых патрэб. (...) Важна вызваліцца ад патэрналісцкай ментальнасці, якая павялічвае прорву паміж тымі, хто пакліканы ствараць адзіную сям’ю”, - адзначыў Францішак падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Фонду.

Завяршаючы аўдыенцыю, Папа яшчэ раз падзякаваў усім, хто на працягу гэтых 30 гадоў служыў у структуры, а таксама міжнародным арганізацыям, якія супрацоўнічалі з ёй, заклікаючы працягваць рабіць гэта і ў будучыні.
 

16 верасня 2022, 13:46