Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: ежа не можа быць разменнай манетай для нешматлікіх

Папа падкрэсліў глыбокую няроўнасць паміж тымі, хто жыве ў багацці, і тымі, хто пакутуе ці памірае ад голаду: каля траціны насельніцтва планеты адчувае недахоп харчавання.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

29 верасня 2022 года, з нагоды Міжнароднага дня распаўсюджвання інфармацыі аб харчовых стратах і харчовых адходах, Францішак звярнуўся са спецыяльным пасланнем да ФАО – Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН.

Выкарыстанне прадуктаў харчавання не па прызначэнні і іх растрата сведчыць аб "незацікаўленасці ў тым, што мае фундаментальную каштоўнасць", - звярнуў увагу Святы Айцец. Тым часам колькасць людзей, якім не хапае ежы, за апошнія гады значна павялічылася. “У цэнтрах прыняцця рашэнняў” павінны зразумець, што трэба "збіраць, каб пераразмяркоўваць, а не вырабляць, каб растрачваць".

“Ежа не можа станавіцца прадметам спекуляцый. Ад гэтага залежыць жыццё. Абуральна, што буйныя вытворцы пашыраюць кампульсіўнае спажывальніцтва дзеля ўласнага ўзбагачэння, нават не ўлічваючы рэальныя патрэбнасці людзей. Спекуляцыя прадуктамі харчавання павінна быць спынена! Трэба перастаць разглядаць ежу – асноўноўную ўсеагульную каштоўнасць – як разменную манету для нешматлікіх”, - заўважыў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым найважнейшым пытанні не можна здавольвацца рытарычнымі практыкаваннямі і дэкларацыямі, якія і так не рэалізуюцца “з прычыны непамятлівасці, дробязнасці або прагнасці”.

Францішак перакананы, што надышоў час для неадкладных дзеянняў: “неабходна, каб дзяржавы, буйныя транснацыянальныя карпарацыі, асацыяцыі і асобныя людзі – усе без выключэння – эфектыўна і сумленна адрэагавалі на нямы крык тых, хто прагне справядлівасці”.
 

30 верасня 2022, 11:28