Пошук

Папа падчас сустрэчы з езуітамі ў Нур-Султане Папа падчас сустрэчы з езуітамі ў Нур-Султане 

Святы Айцец: неабходна вызваліць сэрцы ад нянавісці

29 верасня 2022 года на старонках выдання La Civiltà Cattolica быў апублікаваны тэкст размовы Папы з езуітамі, якая адбылася падчас яго нядаўняга Апостальскага падарожжа ў Казахстан.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа сустракаўся з чальцамі так званага “Расійскага рэгіёну” Таварыства Езуса, які ўключае ў сябе Расію, Беларусь, Кыргызстан і Таджыкістан. Размова праходзіла 15 верасня ў Апостальскай нунцыятуры ў Нур-Султане. У ёй бралі ўдзел 19 езуітаў, у тым ліку ксёндз Клеменс Верт і ксёндз Віктар Жук, якія працуюць у Віцебску.

Значная частка сустрэчы была прысвечана пытанням, звязаным з вайной ва Украіне. На думку Святога Айца, “мы перажываем трэцюю сусветную вайну” і “памылкова думаць, што яна ідзе толькі паміж Расіяй і Украінай” ці паміж “добрымі і злымі”, як у “каўбойскім фільме”.

Пантыфік нагадаў, што падчас войнаў у першую чаргу пакутуюць звычайныя людзі, а гэта нараджае нянавісць. “Хто пачынае войны, той забывае пра чалавечнасць, не думае пра канкрэтных людзей, але ставіць на першае месца прыватныя інтарэсы і ўладу. Простыя людзі ў кожным канфлікце з’яўляюцца сапраўднымі ахвярамі, якія асабіста расплачваюцца за шаленства вайны”, - сцвердзіў ён.

На думку Пантыфіка, “трэба вызваліць сэрцы ад нянавісці”, а таксама не прыбягаць да спрашчэнняў, гаворачы пра прычыны вайны: неабходна прааналізаваць дынаміку, якая прывяла да канфлікту, маючы на ўвазе ў першую чаргу “міжнародныя фактары, якія паспрыялі справакаванню вайны”.

Францішак зноў нагадаў, што ў снежні 2021 года сустракаўся з адным з кіраўнікоў дзяржаў, які выказваў заклапочанасць тым, што “НАТА гаўкае ля дзвярэй Расіі, без разумення таго, што расіяне – імперыялісты і баяцца небяспекі ля сваіх межаў”. Пантыфік прызнаўся, што бачыць “імперыялізмы, якія знаходзяцца ў канфлікце”. На яго думку, калі яны “адчуваюць сябе пад пагрозай ці ў заняпадзе, тады рэагуюць, мяркуючы, што выйсцем стане распачацце вайны, каб палепшыць сваё становішча, а таксама, каб выпрабаваць зброю”.

Святы Айцец заўважыў, што ад самага пачатку вайны, няспынна кажа пра яе, падкрэсліваючы пакуты Украіны. Ён нагадаў пра свой візіт да расійскага пасла, які здзейсніў, кіруючыся жаданнем “адкрыць маленькае акенца для дыялогу”, пра тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Зяленскімі, пра паездкі ватыканскіх кардыналаў і дыпламатаў ва Украіну. Папа заўважыў, што хацеў асабіста наведаць гэту краіну, але лічыць, што адпаведны момант для гэтага яшчэ не настаў.

Пантыфік распавёў, што прымае розныя дэлегацыі з Украіны, а нядаўна ў яго быў прадстаўнік узброеных сіл, які займаецца абменам палоннымі. “Мне прывезлі спіс больш чым 300 палонных і папрасілі зрабіць штосьці, каб правесці абмен. Я адразу патэлефанаваў расійскаму паслу, каб паглядзець, ці можна што-небудзь зрабіць, ці можна паскорыць абмен палоннымі”, - сказаў ён, узгадаўшы таксама пра візіт “аднаго ўкраінскага каталіцкага біскупа”, якому перадаў дасье з усімі сваімі заявамі на тэму вайны, у якіх назваў “уварванне ва Украіну непрымальнай, агіднай, бессэнсоўнай, варварскай і святатацкай агрэсіяй”.

Адзін з езуітаў папрасіў Святога Айца распавесці пра досвед яго служэння ў Аргентыне ў перыяд дыктатуры. “Дыктатарскія ўрады – жорсткія. У дыктатурах заўсёды прысутнічае жорсткасць”, - сказаў Папа, заўважаючы, што ведае шмат палітычных дзеячаў, якія трапілі ў турму і прайшлі праз катаванні. “У гэтых сітуацыях знікаюць правы, а таксама чалавечая чуласць”, - сцвердзіў ён. Пантыфік прызнаўся, што яму даводзілася чуць, як некаторыя “добрыя католікі” казалі: “Так ім і трэба, гэтым камуністам! Яны гэта заслужылі!”. “Гэта жахліва, калі палітычная ідэя становіцца вышэйшай за рэлігійныя каштоўнасці”, - падкрэсліў ён.

Іншы ўдзельнік сустрэчы распавёў Францішку, што праваслаўныя, з якімі яны супрацоўнічаюць у служэнні людзям з інваліднасцю, папрасілі пераказаць Папу словы ўдзячнасці за блізкасць да простых і патрабуючых людзей. У адказ Пантыфік заўважыў, што, на яго думку, мы з’яўляемся сведкамі паступовага збліжэння паміж католікамі і праваслаўнымі. “Мы павінны працаваць разам, маліцца адзін за аднаго, пераадольваць падазронасць”, - дадаў ён.

Францішак распавёў, што падчас З’езду лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій сустрэўся з чатырма праваслаўнымі епіскапамі. “Я бачу, што ў іх дагэтуль ёсць устрывожанасць уніятызмам. Але я сказаў ім, што гэта слова ўжо забыта. Яны баяцца, што мы будзем паводзіць сябе “як цёшча”, што вернецца ўніятызм. Яны яшчэ маюць перад сабой гэты прывід. Трэба заспакоіць іх, і гэта дапамагае”, - параіў Святы Айцец.
 

29 верасня 2022, 10:43