Папа паедзе ў Бахрэйн і возьме ўдзел у мірным форуме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Прыняўшы запрашэнне грамадзянскіх і касцёльных улад, Папа Францішак здзейсніць абвешчанае раней Апостальскае падарожжа ў Каралеўства Бахрэйн”, - заявіў Матэа Бруні. Візіт пройдзе з 3 па 6 лістапада 2022 года і будзе звязаны з удзелам Пантыфіка ў ініцыятыве Бахрэйнскі форум на карысць дыялогу: Усход і Захад за чалавечае суіснаванне (Bahrain Forum for Dialogue: East and West for Human Coexistence).
Святы Айцец наведае сталіцу краіны Манаму і горад Авалі, дзе ў 2021 годзе была пасвячана катэдра Маці Божай Аравійскай, якая з’яўляецца галоўным храмам Апостальскага вікарыяту Паўночнай Аравіі. Праграма і іншыя падрабязнасці папскага візіту будуць паведамлены пазней.
Францішак стане першым Пантыфікам, які наведае астраўную дзяржаву ў Персідскім заліве. У 2014 годзе ён прымаў у Ватыкане караля Бахрэйна Хамада ібн Ісу Аль Халіфу.