Папа пажадаў свецкім капуцынкам умець знайсці цішыню
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа заўважыў, што сённяшні лад жыцця часта перапоўнены шумам. Сучасны чалавек імкнецца прыцягнуць увагу іншага, выклікаць неадкладную рэакцыю: “для многіх павышэнне голасу, фізічнае ці маральнае, уяўляецца спосабам прымусіць аглушаную масу аддаць перавагу іх ідэі або меркаванню”.
“Прароцтва, якога чакае ад нас Езус, заключаецца ў тым, каб ісці супраць гэтай плыні, шукаць цішыні, аддзяліцца ад свету, ад шуму”, - лічыць Святы Айцец. Але ён перасцярог ад спакусы, калі наяўнасць прыгожай духоўнай “мелодыі” ў душы вядзе да адхілення або заглушэння таго, што ёй не адпавядае.
“Дарагія сёстры, будзьце прарокамі слухання, перш за ўсё, слухання голасу Бога, які заклікае вас любіць усіх без розніцы, любіць стварэнне як Яго дар, бачыць Яго веліч ва ўсім. Гэта тая мелодыя, якая пераважае натуральна, бо яна – сама сутнасць усяго”, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што ў такой мелодыі “боль, цемра, смерць знаходзяць свой сэнс”, у ёй мы можам зразумець тых, хто думае інакш, чым мы, і супрацьстаіць нам.
Такі падыход, перакананы Францішак, дапамагае рэалізацыі сінадальнасці: “сумеснага крочання да таго, каб быць хорам з адным сэрцам і адной душой, нават калі мы знаходзімся ў розных часах і сітуацыях”, а гэта часта “шлях крыжа, пакоры, убоства, служэння”.
Завяршаючы сустрэчу, Папа пажадаў тэрцыяркам капуцынкам Святой Сям’і гатоўнасці чуць добрыя натхненні, адкрытасці да вучэння сапраўдных настаўнікаў, да медытацыі і інтэнсіўнага духоўнага жыцця.