Пошук

Аўдыенцыя для членаў міжнароднай каталіцкай супольнасці Шалом Аўдыенцыя для членаў міжнароднай каталіцкай супольнасці Шалом 

Францішак: заставацца ў любові Бога і дзяліцца досведам з іншымі

Ваш харызмат з’яўляецца дарам Святога Духа для Касцёла, - зазначыў Папа ў звароце для дэлегацыі міжнароднай супольнасці Шалом, якая адзначае сваё 40-годдзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў, што супольнасць узнікла як плён малітвы, у кантэксце літургічнай цэлебрацыі. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што літургія – гэта не прыгожая цырымонія, не рытуал, у цэнтры якога знаходзяцца нашы жэсты ці адзенне, але дзейнасць Бога з намі. Таму трэба быць уважлівымі да Яго, Які прамаўляе, дзейнічае, кліча, пасылае на місію ў канкрэтнай гістарычнай рэальнасці і сітуацыях, - сказаў Пантыфік падчас аўдыенцыі, якая 26 верасня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Папа заклікаў сваіх гасцей праз малітву, слуханне Божага слова, адарацыю, Ружанец заставацца ў любові Пана, каб захоўваць сяброўства з Ім і “заражаць” гэтым досведам іншых. “Нам належыць заданне заставацца ў Ім, усё астатняе робіць Святы Дух”, - запэўніў ён

Пантыфік нагадаў пра актуальнасць прыкладу шматлікіх маладых святых, якія будавалі і працягваюць будаваць Касцёл сваім сведчаннем, адказваючы на ласку Бога. Ён папярэдзіў пра небяспеку патэрналізму ў працы з маладымі людзьмі, заахвоціў па-сапраўднаму слухаць іх, а таксама адзначыў важнасць сяброўства з беднымі.

Францішак падкрэсліў, што супольнасць Шалом заўсёды характарызавалася крэатыўнай адвагай, гасціннасцю, місійным запалам, спрыяннем міру і вернасцю Каталіцкаму Касцёлу. Ён пажадаў, каб члены аб’яднання заставаліся паслухмянымі Святому Духу, паважалі свабоду іншых людзей, а таксама запэўніў іх у сваёй малітве і падтрымцы.

26 верасня 2022, 12:45