Пошук

Здымак мае ілюстрацыйны характар Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Папа запісаў відэазварот да міжканфесійнай супольнасці моладзі

Выбар сціплага шляху сумеснага жыцця варты больш за тысячу слоў, - адзначыў Папа, звяртаючыся да моладзі, якая далучылася да экуменічнага праекта Супольнасць на скрыжаванні (The Community At The Crossing).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак запісаў відэазварот да ўдзельнікаў афіцыйнай інаўгурацыі сумеснай ініцыятывы Каталіцкай і Епіскапальнай Цэркваў у ЗША, якая прайшла 9 верасня 2022 года. Супольнасць аб’ядноўвае моладзь розных канфесій пры епіскапальнай катэдры святога Яна Божага ў Нью-Ёрку для малітвы і спраў міласэрнасці.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць спрыяння еднасці, указваючы на прыклад першых хрысціян і сувязь з Хрыстом. Гаворачы аб місіі новай супольнасці, Францішак выказаў спадзяванне на тое, што час, праведзены ў малітве і служэнні патрабуючым, наблізіць маладых людзей да досведу першай хрысціянскай супольнасці.

“Паглядзіце, як яны любяць адно аднаго”, - казалі тыя, хто бачыў першых хрысціян, паглядзіце, як яны жывуць разам у радасці і дзеляцца сваімі дабротамі, паглядзіце, як яны моляцца разам, паглядзіце, наколькі яны блізкія да бедных. Спадзяюся і малюся, каб гэта адбылося тут, у парафіі святога Яна Божага. Выбар сціплага шляху сумеснага жыцця варты больш за тысячу слоў”, - заўважыў Святы Айцец.

Спасылаючыся на назву Супольнасці, Папа звярнуў увагу на тое, што тут пераплятаецца моладзь розных веравызнанняў, а гэта дазваляе рэалізаваць еднасць. “Спадзяюся, што гэтая супольнасць дасць магчымасць нанова перажыць жаданне еднасці паміж хрысціянамі і грамадствам у Нью-Ёрку, а таксама ў ЗША. Будучыня веры ў нашым свеце праходзіць праз еднасць хрысціян. Так, не ва ўсім мы згодныя. Так, у нас ёсць перакананні, якія часам здаюцца несумяшчальнымі або з’яўляюцца такімі... Але менавіта таму мы выбіраем любоў адно да аднаго. Любоў мацнейшая за ўсе нязгоды”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак таксама звярнуў увагу на іншы аспект слова скрыжаванні, які нагадвае пра крыж Хрыста. “Езус Хрыстус з’яўляецца больш моцнай і глыбокай сувяззю, чым нашы культуры, нашы палітычныя рашэнні і нават нашы дактрыны”, - перакананы Папа.
 

09 верасня 2022, 12:11