Святы Айцец да літургістаў пра дух сапраўднай традыцыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Працэс літургічнай рэформы працягваецца пастаянна, - адзначыў Францішак. - Ён патрабуе паглыбленага вывучэння, часу, гарачага і цярплівага клопату, духоўнай і душпастырскай разумнасці, фармацыі да “літургічнай мудрасці”, якая не паддаецца імправізацыі і павінна пастаянна ўдасканальвацца.
Літургія – гэта не мармуровы і не бронзавы помнік, не музейная рэч; яна – жывая, як расліна, і яе трэба асцярожна культываваць; яна – радасная, з радасцю Духа Святога, а не свецкага свята, - звярнуў увагу Пантыфік.
Ён папрасіў тэолагаў у сваёй даследчай працы не аддзяляць акадэмічнага вымярэння ад душпастырскага і духоўнага. Папа перакананы, што “сёння нам больш, чым калі-небудзь, патрэбна высокае бачанне літургіі, якое не зводзіцца да рубрыкальных дэталяў: літургія, якая не з'яўляецца свецкай, але прымушае падняць вочы да неба, каб адчуць, што свет і жыццё звязаны з Таямніцай Хрыста; і ў той жа час “прыземленая” літургія, propter homines, недалёкая ад жыцця”.
Францішак спаслаўся на свой ліст Desiderio desideravi, дзе падкрэсліў неабходнасць пошуку адпаведных каналаў для вывучэння літургіі, што выходзіць за межы акадэмічнай сферы і дасягае народа Божага.
Ён падкрэсліў важнасць укаранёнасці літургічнай цэлебрацыі ў традыцыі. “Ёсць дух, які не з'яўляецца духам сапраўднай традыцыі: свецкі дух адступлення назад, модны сёння: думаць, што ісці да каранёў азначае вяртацца назад. Не, гэта розныя рэчы. Калі вы ідзяце да каранёў, карані заўсёды падымаюць вас. Як дрэва, якое расце з таго, што ідзе ад сваіх каранёў. Гэта спакуса ў жыцці Касцёла, якая вядзе да свецкага рэстаўрацыянізму, замаскіраванага пад літургію і тэалогію, але свецкага. Нехта казаў, што традыцыя – гэта жывая вера мёртвых, а традыцыяналізм – гэта мёртвая вера некаторых жывых. Яны забіваюць гэты кантакт з каранямі, вяртаючыся назад. Будзьце асцярожныя: сёння існуе спакуса адступлення назад, замаскіраваная пад традыцыю”, - адзначыў Пантыфік.
Францішак пажадаў сваім гасцям, каб вывучэнне літургіі было заўсёды прасякнута малітвай і жывым досведам Касцёла, які цэлебруе.