Пошук

Святы Айцец падвёў вынікі падарожжа ў Казахстан

Будаўніцтва лепшага свету патрабуе штодзённых высілкаў, а не толькі ўрачыстых падзей, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 верасня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак распавёў пра Апостальскае падарожжа ў Казахстан, якое здзейсніў 13-15 верасня, а таксама выказаў падзяку ўладам краіны, біскупам і іх супрацоўнікам за вялікую працу, якую яны зрабілі для арганізацыі візіту. Папа нагадаў, што галоўнай мэтай пілігрымкі быў удзел у VII З’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які стаў “месцам сустрэчы і дыялогу” дзеля міру і агульначалавечага братэрства ў свеце.

Пантыфік асаблівым чынам падкрэсліў, што ў Казахстане, які трыццаць гадоў таму вызваліўся з ярма атэістычнага рэжыму, выразна асуджаюцца розныя формы фундаменталізму і экстрэмізму.

Святы Айцец заўважыў, што ўдзельнікі З’езду абмяркоўвалі і зацвердзілі Дэкларацыю, у якой ёсць пераемнасць з Дэкларацыяй аб агульначалавечым братэрстве, падпісанай у Абу-Дабі ў лютым 2019 года. Папа падкрэсліў уклад Яна Паўла ІІ, Яна ХХІІІ і Паўла VI у міжрэлігійны дыялог на карысць братэрскага і мірнага свету, а таксама нагадаў пра сведчанне мучанікаў, “мужчын і жанчын усіх узростаў, моваў і нацыянальнасцей, якія заплацілі жыццём за вернасць Богу міра і братэрства”. “Мы ведаем – урачыстыя моманты з’яўляюцца важнымі, але менавіта штодзённыя высілкі, канкрэтнае сведчанне стварае лепшы свет для ўсіх”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак распавёў, што падчас сустрэчы з уладамі, грамадзянскай супольнасцю і дыпламатычным корпусам, ён падкрэсліў пакліканне Казахстана да быцця “краінай сустрэчы”, заўважаючы, што ў ім пражываюць прадстаўнікі 150-ці этнічных груп, якія размаўляюць на 80-ці мовах.

“Я таксама пажадаў, каб працягвалася будаўніцтва ўсё больш сталай дэмакратыі, здольнай эфектыўна адказваць на патрэбы ўсяго грамадства. Гэта складаная задача, але ўжо зараз трэба прызнаць, што Казахстан зрабіў вельмі добры выбар, напрыклад, сказаўшы “не” ядзернай зброі, а таксама, праводзячы добрую энергетычную і экалагічную палітыку. Гэта вельмі мужна. У цяперашні час гэтай трагічнай вайны, калі некаторыя думаюць пра ядзерную зброю, пра гэта вар’яцтва, Казахстан ад самага пачатку сказаў “не” ядзерным узбраенням”, - падкрэсліў Пантыфік.

Распавядаючы пра сустрэчу з мясцовай каталіцкай супольнасцю, Францішак прызнаўся, што быў шчаслівы ўбачыць радасных і поўных энтузіязма людзей. Ён заўважыў, што ў Казахстане мала католікаў, але калі жыць гэтай сітуацыяй з верай, яна можа прынесці евангельскія плёны. Папа нагадаў, пра “благаслаўленне маласці, быцця закваскай, соллю і святлом, пакладання надзеі выключна на Пана, а не тое, што мае значэнне ў чалавечых вачах”. Ён заклікаў “малы статак” у Казахстане быць адкрытым і мець давер да Святога Духа.

Пантыфік адзначыў, што меў нагоду для таго, каб узгадаць пра мучанікаў, якія шмат пацярпелі за веру падчас доўгага перыяду камуністычнага пераследу, былі “забітыя, закатаваныя, зняволеныя за веру”

Францішак распавёў таксама, што 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, меў магчымасць цэлебраваў Імшу на плошчы Expo 2017 у Нур-Султане, акружанай вельмі сучаснымі будынкамі. “Гэта прымусіла задумацца: у свеце, дзе прагрэс і рэгрэс пераплятаюцца, Крыж Хрыста застаецца якарам збаўлення: знакам надзеі, які не расчароўвае, бо заснаваны на любові міласэрнага і вернага Бога”, - сказаў Святы Айцец, выказваючы падзяку Пану за падарожжа і молячыся, каб яно прынесла багатыя плёны для будучыні Казахстана і жыцця Касцёла, які пілігрымуе на гэтай зямлі.
 

21 верасня 2022, 10:14