Святы Айцец тамістам: не баяцца дыялогу з сучаснай культурай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак назваў святога Тамаша Аквінскага “чалавекам, захопленым праўдай, нястомным шукальнікам аблічча Бога”. “Што такое Бог?” – гэта пытанне суправаджала і матывавала вялікага тэолага на працягу ўсяго жыцця, а яго пошук праўды пра Бога быў прасякнуты любоўю. “Тамаш з’яўляецца ўзорам тэалогіі, якая нараджаецца і ўзрастае ў атмасферы адарацыі”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Працягваючы сваё разважанне, Папа падкрэсліў, што “пошук праўды пра Бога выкарыстоўвае два “крылы” – веру і розум. Францішак лічыць узорным спосаб, якім святы Тамаш “здолеў скаардынаваць” два гэтыя элементы.
Для вялікага тэолага пытанне супастаўлення розуму і веры было “праблемай прымірэння паміж секулярнасцю свету і радыкалізмам Евангелля”: як пазбягаючы “ненатуральнай тэндэнцыі негатыўнага стаўлення да свету і яго каштоўнасцей, не адмаўляцца ад найвышэйшых і непахісных патрабаванняў звышнатуральнага парадку”. Тамаш, па сутнасці, дапамог хрысціянам “не баяцца распачынаць шчыры рацыянальны дыялог з культурай свайго часу”, - звярнуў увагу Папа, дадаючы, што “тамізм павінен быць не музейным аб'ектам, а вечна жывой крыніцай”.
Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на вучэнне Аквіната аб стварэнні, якое для святога Тамаша “з’яўляецца самай першай праявай надзвычайнай шчодрасці Бога і Яго бязвыплатнай міласэрнасці”.
“Сусвет бачных і нябачных стварэнняў не з'яўляецца ні маналітным блокам, ні чыстай бясформеннай разнастайнасцю, але ўтварае парадак, цэлае, у якім усе стварэнні звязаны, таму што ўсе яны паходзяць ад Бога і ідуць да Бога, і таму яны дзейнічаюць як адно цэлае, ствараючы такім чынам шчыльную сетку адносін”, - нагадаў Францішак думку святога тэолага, адзначаючы, што “важнасць і значэнне любога стварэння лепш разумеецца, калі яно разглядаецца ў агульным плане Бога”.
Завяршаючы сустрэчу з даследчыкамі вучэння святога Тамаша Аквінскага, Пантыфік пажадаў ім “не баяцца пашыраць і ўзбагачаць старыя і заўсёды плённыя рэчы новымі”.