Пошук

Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI 

Кола вучняў Ратцынгера пра магчымасць развіцця вучэння Касцёла

“Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў” (1 Кар 11, 23). Абавязковыя ісціны і развіццё дактрыны Касцёла” – тэма сустрэчы Кола вучняў Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, якая прайшла ў Рыме 22-25 верасня 2022 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа-эмерыт не змог асабіста прыняць членаў аб’яднання ў сувязі з праблемамі са здароўем, але прывітаў іх праз кардынала Курта Коха, прэфекта Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Ватыканскі іерарх выступіў з уступным словам, у якім апісаў далейшае развіццё веравучэння як вяртанне да вытокаў, якое павінна грунтавацца на абавязковым Адкрыцці і пераасэнсоўвацца ў адпаведнасці з часам.

Паводле кардынала, Бэнэдыкт XVI не прымаў ідэю пра тое, што Другі Ватыканскі Сабор стаў “разрывам” з папярэднім вучэннем. Сабор быў адкрыты на Традыцыю, а ў той жа час на сучаснасць і будучыню веры, - сказаў ён.

Для Бэнэдыкта XVI дактрынальнае развіццё магчымае і тэалагічна апраўданае, калі яно па-сапраўднаму з’яўляецца “развіццём у непарыўнасці, а не зменай у разрыве”, - дадаў прэфект, нагадваючы таксама, што Бэнэдыкт XVI пакінуў пасля сябе багатую і каштоўную спадчыну, якая дапамагае праліць святло на важныя пытанні нашага часу і важныя выклікі, якія стаяць перад Касцёлам, каб знайсці на іх надзейныя адказы.

Галоўным дакладчыкам падчас сёлетняга пасяджэння “Кола вучняў” стаў біскуп Рудольф Вадэрхольцэр з Рэгенсбурга, які звярнуўся да прысутных з дакладам на тэму “Традыцыя, якая сыходзіць ад Апосталаў, развіваецца ў Касцёле пад апекай Духа Святога” (Dei Verbum, 8). Традыцыя развіцця дактрыны ў Каталіцкім Касцёле на аснове Другога Ватыканскага Сабору”.
 

27 верасня 2022, 12:58