Пантыфік нагадаў пра беатыфікацыю ў Калумбіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Яе доўгае жыццё, якое скончылася ў 1993 годзе, цалкам прайшло ў служэнні Богу і братам, асабліва малым і выключаным. Няхай апостальская руплівасць, якая вяла яе да абвяшчэння паслання Езуса, умацоўвае жаданне кожнага з малітвай і любоўю ўдзельнічаць у распаўсюджванні Евангелля па ўсім свеце”, - адзначыў Францішак 30 кастрычніка 2022 года пасля малітвы Анёл Панскі.
Ана Юлія Хенкэр у лістападзе 1917 года ўступіла ў жаночы кляштар дамініканак Ахвяравання Пана ў Багаце, дзе праз два гады склала вечныя абяцанні, прыняўшы імя Марыя Берэніка. Хоць яна з вялікай адданасцю і энтузіязмам выконвала манаскія абавязкі, не адчувала сябе добра сярод сясцёр дамініканак і хацела паступіць да кляўзуровых кармэлітак. Аднак па парадзе свайго спаведніка і часткова з прычыны слабага здароўя доўгі час не змяняла ордэна. У адным з баракаў у прыгарадзе Медэліна яна заснавала Хатнюю школу для самых бедных, якая і стала затым ядром новай манаскай кангрэгацыі.
14 мая 1943 года са згоды кіраўніцтва свайго ордэна і дазволу арцыбіскупа Медэлінскага Марыя Берэніка заснавала Кангрэгацыю Малых Сясцёр Звеставання. 23 кастрычніка 1953 года прыняла габіт новай кангрэгацыі і склала ў ёй вечныя абяцанні, адначасова прыняўшы пасаду генеральнай настаяцельніцы.
Асновай яе духоўнасці былі словы Марыі, прамоўленыя падчас Звеставання: “Вось я, слуга Пана”.