Францішак сустрэўся з маладымі парафіяльнымі лідарамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак нагадаў, што парафія – гэта “натуральнае” асяроддзе, дзе вернікі вучацца слухаць Евангелле, пазнаваць Хрыста, служыць іншым, маліцца ў супольнасці, дзяліцца праектамі і ініцыятывамі, адчуваць сябе часткай святога народа Божага. Менавіта тут чалавек усведамляе, “што ў Касцёле мы ўсе браты праз хрост; што мы ўсе галоўныя героі і адказныя; што мы маем розныя дары і ўсё гэта – на карысць супольнасці; што жыццё – гэта пакліканне ісці за Езусам; што вера – гэта дар, якім трэба дзяліцца, пра які трэба сведчыць”.
Пантыфік заклікаў маладых парафіяльных лідараў цікавіцца сацыяльнай рэчаіснасцю і рабіць свой унёсак у дапамогу іншым, кіруючыся перакананнем, “што чалавечая нядоля – гэта не лёс, які закранае некаторых няшчасных людзей, але амаль заўсёды плён несправядлівасці, якую трэба выкараніць”.
Асабліва сёння, у эпоху індывідуалізму, важна, “каб Касцёл узрастаў у братэрстве”. Таксама і хрысціянскія супольнасці заражаюць замыканне ў адзіноце ці ў малых групах, схільнасць да стасункаў “на адлегласці”. Мы ўсе ў нейкай ступені знаходзімся пад уплывам гэтай культуры, - звярнуў увагу маладых італьянцаў Святы Айцец.
Ён нагадаў, што Касцёл жыве ў Хрысце праз Эўхарыстыю. “Братэрства ў Касцёле заснавана на Хрысце, на Яго прысутнасці ў нас і сярод нас. Дзякуючы Яму мы вітаем адно аднаго, падтрымліваем адно аднаго, даруем адно аднаму”, - дадаў Францішак.
Завяршаючы прамову, Пантыфік нагадаў маладым людзям, што кастрычнік у Касцёле з'яўляецца месяцам Ружанца. Ён пажадаў ім “вучыцца ў Дзевы Марыі захоўваць і разважаць у сваім сэрцы таямніцы Езуса”, і гэта дазволіць перажываць “звычайныя рэчы незвычайным чынам” – у навізне Духа Святога і навізне Евангелля.
Каталіцкая акцыя – гэта таварыства свецкіх католікаў, якое паўстала ў 1928 годзе, дзякуючы намаганням папы Пія XI, ён сам акрэсліў харызму таварыства так: будаваць справядлівасць у грамадстве, абапіраючыся на навучанне Касцёла.