Францішак: часам трэба разбіць старыя збаны традыцый
Марыя Валодзіна – Vatican News
1 кастрычніка 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў генеральнага капітула рэдэмптарыстаў. Ён заклікаў законнікаў разглядаць сустрэчу не проста як кананічную фармальнасць, а як нагоду для таго, каб пераасэнсаваць харызму “ў святле знакаў часу”.
“Я заклікаю вас да адвагі, маючы ў якасці мяжы толькі Евангелле і вучэнне Касцёла. Не бойцеся ісці па новых шляхах, весці дыялог са светам у святле вашай багатай традыцыі маральнай тэалогіі. Не бойцеся запэцкаць рукі на служэнні самым бедным і людзям, з якімі ніхто не лічыцца”, - сказаў Папа.
Францішак зазначыў, што ў аснове абнаўлення павінна знаходзіцца “крэатыўная вернасць”. “Часам нам трэба разбіць старыя збаны, атрыманыя ў спадчыну ад нашых традыцый, у якіх было перанесена шмат вады, але якія амаль выканалі сваю функцыю. Разбіць нашы збаны, поўныя прывязанасцей, культурных звычаяў, гісторый – нялёгкае заданне, балючае, але неабходнае, калі хочам піць новую ваду, якая выцякае з крыніцы Святога Духа, крыніцы ўсялякага абнаўлення”, - сказаў Папа, заклікаючы духоўных паслядоўнікаў святога Альфонса дэ Лігуоры да пакоры, адзінства, мудрасці і праніклівасці.