Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі Папа падчас аўдыенцыі для Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі 

Пантыфік аблатам: быць місіянерамі надзеі і адзінства

Толькі Евангелле можа падтрымліваць запаленым святло надзеі ў сучасным свеце, - заўважыў Папа 3 кастрычніка 2022 года падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў капітула Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак спасылаўся на тэму схода: “Пілігрымы надзеі ў адзінстве”, заўважаючы, што яна адлюстроўвае тоеснасць місіянераў-аблатаў на шляхах свету: будучы вучнямі Езуса і паслядоўнікамі святога Яўгена дэ Мазэно, яны пакліканы “несці Евангелле надзеі, радасці і міру”.

З аднаго боку сучасны свет здаецца дасягнуў мэтаў, якія лічыліся недасягальнымі, а з іншага – усё яшчэ застаецца “нявольнікам эгаізму і поўным суцярэчнасцей і падзелаў”, - з жалем канстатаваў Папа. “Стогн зямлі і бедных, войны і канфлікты, якія заліваюць крывёю гісторыю чалавецтва, трывожная сітуацыя мільёнаў мігрантаў і бежанцаў, эканоміка, якая робіць багатых яшчэ багацейшымі, а бедных яшчэ бяднейшымі – гэта некаторыя аспекты сцэнара, дзе толькі Евангелле можа падтрымліваць запаленым святло надзеі”, - сказаў ён.

Пантыфік заклікаў аблатаў несці надзею на перыферыі свету, клапоцячыся пра самых далёкіх і бедных. “Ідучы гэтым шляхам з любоўю і вернасцю, вы, дарагія сябры, аказваеце вялікую паслугу Касцёлу”, - падкрэсліў ён, нагадваючы, што святы Яўген, заснавальнік супольнасці, вучыў сваіх паслядоўнікаў “глядзець вачыма Укрыжаванага Збаўцы на свет”, дзеля збаўлення якога Хрыстус памёр на крыжы.

“Быць місіянерамі надзеі значыць быць здольным распазнаваць знакі Яго прысутнасці ў штодзённым жыцці людзей”, - сказаў Папа, заклікаючы законнікаў навучыцца ад бедных знаходзіць надзею нават пасярод самых цяжкіх сітуацый. Трэба “дазволіць, каб вас евангелізавалі бедныя, якіх евангелізуеце вы: яны вучаць вас шляхам надзеі для Касцёла і свету”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заахвоціў манахаў клапаціцца пра адзінства ад якога “залежыць будучыня свету, Касцёла і кансэкраванага жыцця”. “Каб быць місіянерамі адзінства, трэба спачатку жыць ім паміж сабой, у нашых супольнасцях і ўзаемных адносінах і развіваць яго з усімі без выключэнняў... Заклікаю вас прасоўваць адзінства праз выразы салідарнасці, блізкасці, сінадальнасці і братэрства з усімі”, - сказаў Папа, ставячы ў прыклад евангельскага Добрага Самараніна.

Пантыфік падтрымаў місіянераў у іх імкненні прыкладаць намаганні на карысць нашага супольнага дома, а таксама нагадаў, што душой кансэкрацыі і місіі з’яўляецца “вяртанне да адзінага Айца, вяртанне да вытокаў, да першай любові”, якая падштурхнула “пакінуць усё, каб ісці за Езусам”.

“Няхай на бязмежным місійным жніве, якім з’яўляецца ўвесь свет, Езус заўсёды будзе для вас прыкладам, якім Ён быў для святога Яўгена. Перад Укрыжаваным Збаўцам ён аднойчы вырашыў ахвяраваць сваё жыццё за ўсіх, асабліва за бедных, каб маглі спазнаць тую самую любоў Бога, якая прывяла Яго на шлях веры”, - нагадаў місіянерам-аблатам Францішак.
 

03 кастрычніка 2022, 12:26