Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра сувязь паміж спортам, жыццём і верай

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі “Не толькі цяжкасці, але і любоў” (Non è solo fatica, è amore), у якой сабраны гісторыі спартсменаў, іх адносіны да канкурэнцыі, поспехаў і каштоўнасцяў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Аўтары выдання – ксёндз Дарыё Вігано і журналіст Валерыа Касета. Яно з’явілася на паліцах італьянскіх кнігарнях 11 кастрычніка 2022 года. У сваёй прадмове Папа адзначыў, што спорт, у пэўным сэнсе, нагадвае адукацыю. Спартсмен, які дасягае сваёй мары аб перамозе, падымаецца на подыум адзін. Але не бывае чэмпіёна без трэнера. Добры трэнер ведае, што неабходна не толькі працаваць над фізічнай формай, але і матываваць, стымуляваць, выпраўляць недахопы атлета, не прыніжаючы яго.

Францішак падкрэсліў, што існуе цесная і глыбокая сувязь паміж спортам, жыццём і верай. Жыццё, таксама як і спорт, складаецца з перамог і паражэнняў. Той, хто прызвычаіўся да перамог, рызыкуе трапіць у пастку саманадзейнасці і пыхі. Параза мае свой глыбокі і высакародны сэнс. Той, хто прайграў, вымушаны спыніцца, паразважаць, прааналізаваць памылкі, зазірнуць у сваё сумленне. Спартсмен, які пераадольвае цяжкасці і глядзіць наперад, падобны да святога, які не адчувае цяжару і бачыць тое, што не бачаць іншыя.

На думку Святога Айца, сучасныя спартсмены нясуць вялікую адказнасць перад грамадствам, бо іх ведае і любіць моладзь. Таму вельмі важна, каб спартсмен усведамляў, наколькі яго словы і жэсты могуць паўплываць на тысячы заўзятараў. Многім спартсменам удаецца сумяшчаць трэніроўкі і вучобу, спартыўныя поспехі і валанцёрства, славу і сціпласць. Але багацце і прыбытак пагражаюць усыпіць тое захапленне, якое ў дзяцінстве прывяло хлопца ці дзяўчыну ў спорт. Сумна бачыць багатых, але раўнадушных чэмпіёнаў, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што вялікае сэрца і ўважлівы погляд робяць спартсменаў сведкамі жыцця, здольнага на шчодрасць і адкрытасць.

12 кастрычніка 2022, 09:32