Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму "Святасць сёння" Аўдыенцыя для ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму "Святасць сёння" 

Папа: жыццё святых – захапляльны каментар да Евангелля

“Сведчанне дабрадзейных хрысціянскіх паводзін, якімі сёння жывуць многія вучні Пана, з’яўляецца для ўсіх нас заклікам асабіста адказаць на пакліканне да святасці”, - зазначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Таксама сёння важна адкрыць для сябе святасць у святым Божым народзе: у бацьках, якія з любоўю расцяць дзяцей, у мужчынах і жанчынах, якія аддана выконваюць штодзённую працу, у людзях, якія церпяць немач, у пажылых, якія працягваюць усміхацца і дарыць мудрасць”, - адзначыў Пантыфік 6 кастрычніка 2022 года, прымаючы на аўдыенцыі ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму “Святасць сёння”, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах кананізацыі.

Папа падкрэсліў, што сярод гэтага мноства вернікаў – “святых, што жывуць па суседстве” – ёсць тыя, каго Касцёл указвае як прыклад, як заступнікаў і настаўнікаў. “Гэта беатыфікаваныя і кананізаваныя святыя, якія нагадваюць кожнаму, што жыць паводле Евангелля ў поўнай меры магчыма і прыгожа”, - сказаў ён, дадаючы, што святасць – гэта не шлях высілкаў і адрачэнняў, а ў першую чаргу пазнанне і прыняцце бескарыслівай Божай любові і міласэрнасці.

“Гэты Божы дар адкрывае нас на ўдзячнасць і дазваляе адчуць вялікую радасць, якая не з’яўляецца імгненным пачуццём або звычайным чалавечым аптымізмам, але ўпэўненасцю ў тым, што мы можам пераадолець усё з ласкай і адвагай, якія паходзяць ад Бога”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што святыя не паходзяць з “паралельнага свету”; гэта вернікі, “якія належаць да вернага Божага народа і ўдзельнічаюць у штодзённым жыцці, якое складаецца з сямейных абавязкаў, вучобы, працы, грамадскага, эканамічнага і палітычнага жыцця”. Таму “важна, каб кожны мясцовы Касцёл заўважаў і цаніў прыклады хрысціянскага жыцця, што саспелі ўнутры Божага народа”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы быць уважлівымі да Божага люду, які мае асаблівы “нюх”, неабходны для распазнавання прыкладаў святасці, надзвычайных сведак Евангелля.

“Дарагія браты і сёстры, святыя – гэта каштоўныя жамчужыны; яны заўсёды жывыя і актуальныя, ніколі не губляюць каштоўнасці, бо з’яўляюцца захапляльным каментаром да Евангелля. Іх жыццё – як катэхізіс, дзякуючы вобразам, адлюстраванню Добрай Навіны, якую Езус прынёс чалавецтву: Добрай Навіны пра тое, што Бог – наш Айцец і любіць усіх з вялікай любоўю і бясконцай ласкавасцю”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб “прыклад святых асвячаў думкі людзей нашага часу, ажыўляючы веру, натхняючы надзею і распальваючы любоў, каб кожны адчуў сябе прывабленым прыгажосцю Евангелля і ніхто не згубіўся ў тумане бессэнсоўнасці і роспачы”.
 

06 кастрычніка 2022, 12:13