Пошук

Папа падчас візіту ў штаб-кватэру ФАО Папа падчас візіту ў штаб-кватэру ФАО 

Пантыфік да ФАО: у аснове кожнай стратэгіі павінны быць людзі

Папа звярнуўся да Генеральнага дырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй Дун'юя з нагоды Сусветнага дня харчавання, які будзе адзначацца 16 кастрычніка 2022 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім пасланні Францішак павіншаваў ФАО з 77-годдзем з дня заснавання, узгадаўшы, што гэта ўстанова была створана для таго, каб адказваць на патрэбы людзей, якія пакутавалі ад галечы і голаду падчас Другой сусветнай вайны. На жаль, і сёння мы жывем ва ўмовах вайны, якую можна было б назваць “трэцяй сусветнай вайной”. Свет знаходзіцца ў стане вайны, гэта павінна прымусіць нас задумацца, - заклікаў Святы Айцец.

Тэма Сусветнага дня харчавання ў гэтым годзе: “Ніхто не павінен застацца без увагі. Лепшая вытворчасць, лепшае харчаванне, лепшая навакольнае асяроддзе і лепшае жыццё для ўсіх”. На думку Францішка, немагчыма справіцца з шматлікімі крызісамі, калі мы не будзем працаваць і ісці разам, не пакідаючы нікога без увагі. Для гэтага неабходна, каб мы ўспрымалі іншых людзей як братоў і сясцёр, як членаў нашай уласнай чалавечай сям'і, чые пакуты і патрэбы закранаюць усіх нас, таму што “калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12, 26).

Папа адзначыў важнасць стратэгіі ФАО на 2022-2031 гады і падкрэсліў неабходнасць прыняцця мер, якія б спрыялі такому паляпшэнню жыцця людзей, каб цалкам выкараніць голад, а не проста рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі. Для дасягнення справядлівых і доўгатэрміновых рашэнняў неабходна пацвердзіць настойлівую неабходнасць сумеснага вырашэння праблемы беднасці, цесна звязанай з голадам.

“Пастаўленыя мэты з'яўляюцца амбіцыйнымі і, здаецца, недасягальнымі. Як іх рэалізаваць?” – запытаў Пантыфік. Перш за ўсё, не забываючы аб тым, што асновай любой стратэгіі з'яўляюцца людзі, а не лічбы. Неабходна таксама ўвесці паняцце любові ў мову міжнароднага супрацоўніцтва, каб міжнародныя адносіны асноўваліся на гуманнасці, салідарнасці і пошуку агульнага дабра. Мы пакліканы звярнуць наш погляд на самае неабходнае, на тое, што было дадзена нам бясплатна, на клопат аб іншых і стварэнні, - адзначыў Францішак, спасылаючыся на Апостальскі ліст Laudato si’.

Пантыфік яшчэ раз пацвердзіў прыхільнасць Святога Пасаду і Каталіцкага Касцёлу супрацоўніцтву з ФАО і іншымі міжурадавымі арганізацыямі, якія працуюць на карысць бедных, ставячы ў аснову братэрства, згоду і ўзаемнае супрацоўніцтва, каб адкрыць гарызонты, якія прынясуць свету сапраўдную карысць, не толькі ў сучаснасці, але і для будучых пакаленняў.

14 кастрычніка 2022, 13:31