Францішак да музыкаў: рабіць свет больш чалавечным
Марыя Валодзіна – Vatican News
Святы Айцец звярнуўся да маладых музыкаў з парадай: не спрабаваць капіяваць вялікіх зорак шоў-бізнесу, не прытрымлівацца моды і шаблонаў, "не паўтараць клішэ фальшывага і саладжавага Божага Нараджэння, якое не мае нічога агульнага з нараджэннем Езуса ў Бэтлееме і яго значэннем для сучаснага чалавецтва". "Замест гэтага не бойцеся быць сабой. Нават калі вас раскрытыкуюць, заставайцеся арыгінальнымі, творчымі", - заклікаў Францішак.
Пантыфік параіў музыкам тварыць на аснове здзіўлення. "Здзіўлення перад неверагодным: Бог уцелавіўся, стаў бездапаможным дзіцём, народжаным ад Дзевы ў гроце, з кармушкай для жывёл у якасці калыскі", - адзначыў Папа, дадаючы, што калі спявак не адчувае здзіўлення, песня не прамаўляе да сэрца.
Другім незаменным інгрэдыентам творчасці, на думку Святога Айца, з'яўляецца прастата. Не банальнасць, а прастата. "Яслі простыя, але не банальныя", – сказаў Папа, дадаючы, што таксама і калядныя спевы простыя, але прыгожыя і поўныя сэнсу, яны працягваюць узрушваць і ўмацоўваць у веры Божы Народ.
Францішак падкрэсліў, што з дапамогай здзіўлення і прастаты спевакі могуць зрабіць свой унёсак у справу міру, які ёсць вялікім дарам Бога. Ён нагадаў, што "ў гэтыя месяцы ў Еўропе і ва ўсім свеце шырыцца грукат вайны", і заклікаў не паддавацца шантажу вайны, не трапляць у яе пастку, а працягваць марыць аб міры і працаваць у імя міру, распаўсюджваючы насенне братэрства і сяброўства.
Музыка – гэта ўніверсальная мова, якая пераадольвае межы і бар'еры. Яна мае бясцэнную адукацыйную каштоўнасць. Музыка ачалавечвае, а выхоўваць, даваць адукацыю – значыць, па сутнасці, ачалавечваць. Сёння нам вельмі патрэбна стаць больш чалавечнымі! Таму Бог і стаў чалавекам, - сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы сустрэчы Францішак пажадаў музыкам усяго найлепшага ў конкурсе і мастацкім падарожжы, благаславіў іх і папрасіў маліцца за яго.