Папа нагадаў пра каштоўнасць сямейных сувязяў
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пантыфік нагадаў, што прайшло пяць гадоў з таго часу, калі ён сваім Апостальскім лістом Summa familiae cura правёў рэформу інстытута, жадаючы надаць яму новую сілу, каб адказваў на праблемы, якія ўзнікаюць у пачатку трэцяга тысячагоддзя.
На думку Папы, “сёння місія Касцёла настойліва патрабуе інтэграцыі тэалогіі сужэнскіх сувязяў з больш канкрэтнай тэалогіяй сямейнага становішча”. “Беспрэцэдэнтныя ўзрушэнні, якія ў нас час правяраюць на трываласць сямейныя сувязі, патрабуюць уважлівай праніклівасці, каб улавіць знакі Божай мудрасці і міласэрнасці. Мы не прарокі няўдачы, але надзеі,” - падкрэсліў Францішак.
Таму, разглядаючы прычыны крызісу, нельга выпускаць з-пад увагі суцяшальныя, часам кранальныя, знакі здольнасцяў, якія працягваюць дэманстраваць сямейныя сувязі: здольнасцяў, якія ідуць на карысць рэлігійнай і грамадзянскай супольнасцяў, а таксама чалавечага суіснавання. “Мы ўсе бачылі, – удакладніў Папа, – наколькі каштоўныя стойкасць, трываласць, супрацоўніцтва сям’яў у моманты ўразлівасці і нястачы.”
Святы Айцец назваў сям'ю незаменнай “антрапалагічнай граматыкай” фундаментальных чалавечых адносін. Калі гэтая граматыка ігнаруецца або парушаецца, пакутуюць усе чалавечыя і сацыяльныя сувязі, такія як абарона безабаронных, сацыяльнае валанцёрства. “Якасць сужэнства і сям'і вызначае якасць любові чалавека і якасць адносін, якія існуюць у самой чалавечай супольнасці”, - падкрэсліў ён.
Дзяржава і Касцёл нясуць адказнасць за тое, каб слухаць і падтрымліваць сем'і ў іх працы на карысць больш чалавечага, салідарнага і братэрскага света, - зазначыў Папа, папярэджваючы пра небяспеку ідэалагізаваных поглядаў на сям'ю. “Не трэба чакаць, пакуль сям'я стане ідэальнай, каб клапаціцца пра яе пакліканне і заахвочваць яе выконваць сваю місію. Сужэнства і сям'я заўсёды будуць мець недасканаласці, пакуль мы не апынёмся на Нябёсах” - дадаў Францішак, заклікаючы давяраць Богу нашу недасканаласць.
У грамадстве, поўным разломаў, шмат залежыць ад абноўленай радасці сямейнай прыгоды, натхнёнай Богам. На працягу трыццаці гадоў Сын Божы жыў у сям'і і грамадстве, ствараў сямейныя і супольныя адносіны. Гэта быў не проста час “чакання”, гэта быў час “паразумення” са звычайнымі людзьмі, якія жывуць з позіркам на “тое, што належыць Aйцу” (пар Лк 2,49).
Напрыканцы сваёй прамовы Францішак пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб Пан заўсёды суправаджаў іх у справе падтрымкі сем'яў.